«Спадкаемцы», «Тэд Ласа» і «Белы лотас» – абвешчаныя пераможцы прэміі «Эмі»


Гісторыя багатай нешчаслівай сям’і, што змагаецца за ўладу. Драматычны серыял «Спадкаемцы» кінакарпарацыі «HBO» стаў галоўным пераможцам сёлетняй амерыканскай тэлевізійнай прэміі «Эмі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў тэатры «Майкрасофт» у Лос-Анджэлесе.

«Вялікі тыдзень для спадкаемцаў: у Вялікай Брытаніі – новы кароль, у нас – узнагарода. Відавочна, што для нашае перамогі спатрэбілася крыху больш галасоў, чым для прынца Чарлза. Ну, маю на ўвазе, я не кажу, што мы больш законныя ў сваім становішчы, чым ён. Пакінем гэта іншым людзям. Але мы неймаверна ўдзячныя. Гэта вялізны гонар. Гэтая неймаверная група. Гэта намаганні ўсяе каманды», – сказаў падчас цырымоніі сцэнарыст серыялу «Спадкаемцы» Джэсі Армстранг.

Гэта не першая ўзнагарода для серыялу – найлепшым сярод драматычных шоу яго называлі і ў 2020-м. Другі год запар пераможцам сярод камедыйных серыялаў стаў «Тэд Ласа», галоўны герой якога – аптымістычны трэнер зборнай амерыканскага футболу ў каледжы.

Удзельнікі серыялу, комікі Джэйсан Судэйкіс і Брэт Гоўлдстын другі раз перамаглі ў намінацыях «найлепшы камедыйны актор» і «актор другога плану».

«Гэта шоу пра дабро і зло. Гэта шоу пра праўду і хлусню. Шоу пра ўсё гэта, але галоўнае – нашая рэакцыя на гэтыя зʼявы. І вашая рэакцыя на нашае шоу была ашаламляльнай», – сказаў Джэйсан Судэйкіс, які апроч таго зʼяўляецца і суаўтарам серыялу.

Найлепшым міні-серыялам прызналі «Белы лотас» – пра няпростае жыццё жыхароў гатэлю з такой жа назвай.

Найлепшым рэжысёрам драматычнага серыялу прызнаны паўднёвакарэйскі рэжысёр і сцэнарыст Хўанг Тонг Хёк за «Гульню ў кальмара». Серыял стаў сусветнай сенсацыяй пасля выхаду на экраны год таму – гэта трылер-антыўтопія пра безграшовых удзельнікаў гульні, якія рызыкуюць жыццём дзеля багацця.

Выканаўца адной з галоўных роляў Лі Чонг Чэ атрымаў узнагароду за найлепшую мужчынскую ролю ў драматычным серыяле. Ён стаў першым азіяцкім акторам, які перамог у гэтай намінацыі.

«Калі мы шчыра адчуваем у нашых сэрцах, што робім выдатную і вельмі цікавую працу, яна натуральным чынам мінае межы. Яе разумеюць і захоплена глядзяць у любым пункце свету», – перакананы Лі Чонг Чэ.

Тэлевізійную прэмію «Эмі» ўручылі сёлета семдзесят чацвёрты раз. Летась апроч серыялу «Тэд Ласа» найлепшымі серыяламі ў сваім жанры былі названыя «Карона» і «Ход каралевы».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»