Нікол Пашыньян: «Інтэнсіўнасць баявых дзеянняў знізілася, але атакі з боку Азербайджану працягваюцца»


Згодна з заяваю армянскага боку, уначы азербайджанскія войскі пачалі абстрэльваць пазіцыі армянскай арміі паблізу населеных пунктаў Сотк, Гарыс, Джэрмук, Мартун, Капан, Артаніш, Севан. У ход ішла цяжкая артылерыя, гранатамёты і беспілотнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У гісторыі сучаснага армянска-азербайджанскага канфлікту гэта першы раз, калі баявыя дзеянні вядуцца не на тэрыторыі спрэчнага Нагорнага Карабаху. Раніцай бакі нібыта прыйшлі да пагаднення аб спыненні агню, але Нікол Пашыньян заявіў:

«Інтэнсіўнасць баявых дзеянняў знізілася, але атакі на адным або двух франтах з боку Азербайджану працягваюцца».

Пачатак новай фазы канфлікту можа быць спробай азербайджанскага боку паўплываць на выкананне Арменіяй умоваў лістападаўскіх мірных пагадненняў пасля вайны паміж гэтымі краінамі за Нагорны Карабах у 2020 годзе, мяркуе эксперт Яўген Красулін.

«Былі дамоўленасці пра вывад армянскіх войскаў з тэрыторыі Нагорнага Карабаху, дэмілітарызацыю мяжы, была дамоўленасць аб некаторых іншых праектах. Напрыклад, аб будаўніцтве чыгункі на тэрыторыі Карабаху. Вось калі паглядзець, што адбылося за два гады з тых дамоўленасцяў, – практычна нічога».

Аднак абгрунтаваў свае дзеянні Азербайджан дыверсіямі, якія здзяйснялі армянскія вайскоўцы. Быццам бы яны мініравалі шляхі забеспячэння азербайджанскага войска. У сваю чаргу Рада бяспекі Арменіі звярнулася ў шэраг арганізацыяў па дапамогу ў сувязі з узброеным канфліктам, у тым ліку ў АДКБ. У гэтую арганізацыю разам з Арменіяй уваходзяць Расея, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан і Беларусь. Але ці прыйдзе хто на дапамогу, і дзеля чаго ўвогуле стваралася АДКБ? Яўген Красулін кажа:

«Стваралася яна, безумоўна, на патрабаванне Масквы і дзеля дэманстрацыі моцы Масквы на постсавецкай прасторы. А потым вось гэтыя падзеі, што адбываюцца на Каўказе з 2020 года, паказваюць, што хто паставіў на Расею – зрабіў няправільны выбар. Расея нават не можа мабілізаваць хоць нейкага фронту саюзнікаў дзеля таго, каб адстаяць свае інтарэсы».

Напэўна, разумеючы цяперашні стан Расеі, прэм’ер Арменіі Нікол Пашыньян патэлефанаваў не толькі Пуціну, але і прэзідэнту Францыі. Цяпер з ініцыятывы Францыі склікаецца Рада бяспекі ААН.

У сваю чаргу армянскі эксперт лічыць, што цяперашняя эскалацыя гвалту інспіраваная менавіта Расеяй, і вось чаму:

«Пасля проста ганебнага разгрому расейскіх войскаў у Харкаўскай вобласці, працягваецца ізаляцыя Расеі на ўзроўні дыпламатычнага ізгоя. Гэта прымушае Расею стварыць новую пляцоўку для гандлю з Захадам».

А што могуць атрымаць непасрэдныя бакі канфлікту ад гэтай новай эскалацыі гвалту? Паводле Рубэна Маграбяна:

«Яны кажуць, што пытанне Нагорнага Карабаху не існуе, Нагорны Карабах таксама не існуе. Вы нам павінныя яшчэ калідор даць на сваёй тэрыторыі, прычым на тых жа ўмовах, на якіх Гітлер хацеў Данцыгскі калідор у Польшчы. Вось што хоча Азербайджан».

Прэзідэнт арганізацыі «Каўказскі дом у Польшчы» Хіджран Аліева кажа:

«Арменія, як краіна, што фактычна прайграла гэтую вайну пастаянна правакуе Азербайджан на такія адносіны. Гэта і дзёрзкія выступы Пашыньяна, і беспадстаўныя нейкія святкаванні ў Карабаху. Усё гэта вымушае адказваць».

Падчас папярэдняга сутыкнення ў Нагорным Карабаху ў канцы жніўня сёлета азербайджанскія войскі занялі некалькі вёсак і горад Лачын, размешчаныя ў калідоры, які злучае Ерэван са сталіцай Нагорнага Карабаху, – Сцепанакертам. Паводле экспертаў, выглядае, што амбіцыі Азербайджану пры надзейным падтрыманні Турэччыны нашмат большыя.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»