Энтані Блінкен: «Гэта вынік надзвычайнай мужнасці і моцы Збройных сілаў Украіны і ўкраінскага народу»


Збройныя сілы Украіны выбілі расейцаў з трох сотняў населеных пунктаў у Харкаўскай вобласці. З акупацыі вызвалена 150 тысячаў украінцаў. Пра гэта ў аўторак заявіла віцэ-міністр абароны Ганна Маляр. Аперацыя вызвалення Харкаўскай вобласці працягваецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мэта – цалкам вызваліць Харкаўскую вобласць і ўсе тэрыторыі, акупаваныя РФ. На гэты момант у Харкаўскай вобласці яшчэ ідуць баі», – заявіла Ганна Маляр.

Сёння ўкраінскія памежнікі паведамілі пра вызваленне Валчанску Харкаўскай вобласці. Таксама баі працягваюцца ў Херсонскай, Запарожскай, і Данецкай вобласцях. Гэта прызнаюць і расейскія гібрыдныя сілы. Кіраўнік самаабвешчанай ДНР паведаміў, што расейцы больш не кантралююць напоўніцу горад Святагорск.

«Заўважаныя польскія найміты на гэтым кірунку, але нашыя падраздзяленні таксама робяць пэўныя крокі», – заявіў Дзяніс Пушылін.

Якія крокі лепш зрабіць жаўнерам і афіцэрам з Расеі і ЛДНР, распавяла ў жывым эфіры «Белсату» спікер Аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумянюк:

«Мы праводзілі інфармацыйныя кампаніі, і даносілі да іх з дапамогай лістовак і іншых спосабаў, што яны могуць зрабіць. Як вывесці з працоўнага стану сваю тэхніку, як скласці зброю, як паведаміць, што вы гатовы перайсці ў абменны фонд. Усё гэта яны ведаюць, ім вядомыя інфармацыйныя парталы, чат-боты і тэлефоны».

Як паведаміла спікер Аператыўнага камандавання «Поўдзень», у Херсонскай вобласці на левым беразе Дняпру Масква выкарыстоўвае падраздзяленні з Чачні, каб стрымліваць дэзертыраў. А самі «кадыраўцы» на перадавой не ваююць. Тым часам Рамзан Кадыраў раскрытыкаваў дзеянні камандавання, і заявіў, што патлумачыць Міністэрству абароны Расеі рэальную сітуацыю на месцах:

«Ізюм, Куп’янск, Балаклія – не ведаю, што за цікавыя гарады ў Харкаўскім кірунку. Але гэта было вымушана зроблена, каб захаваць чалавечыя ахвяры. Але гэта нічога не значыць. Я, Рамзан Кадыраў, афіцыйна заяўляю, што ўсе гэтыя гарады будуць вернутыя ўзад».

Расейскія ўлады мусяць прызнаць, што ва Украіне ідзе вайна, і абвесціць усеагульную мабілізацыю – заявіў сёння з трыбуны Дзяржаўнай Думы лідар расейскіх камуністаў. Генадзій Зюганаў запатрабаваў ад дэпутатаў адпаведна прымаць дзяржбюджэт.

«Вайна і спецаперацыя адрозніваюцца карэнным чынам. Спецаперацыю абвесціў – і вы можаце яе спыніць. Вайну спыніць не можаце пры ўсім жаданні, яна сканчаецца або перамогай, або паразай», – вяшчаў з трыбуны старшыня ЦК КПРФ.

ЗСУ ўпершыню збілі над тэрыторыяй Украіны іранскія беспілотнікі – дрон-камікадзэ «Shahed-136», які ў Расею трапляе пад назвай «Герань». У Іране гэтыя беспілотнікі рэкламавалі, запускаючы з устаноўкі, замаскаванай пад цывільны самазвал.

Вызваляючы Харкаўскую вобласць, украінскія байцы знайшлі найсучаснейшы для Расеі электронны комплекс САП-518 «Регата». Сістэма ўваходзіць у комплекс радыёэлектроннай барацьбы «Хібіны», устаноўлены на збітым украінцамі бамбавальніку Су-34.

У вызваленых раёнах вельмі шмат працы для сапёраў, паведаміла «Белсату» Наталля Гумянюк:

«Вельмі шмат боепрыпасаў, якія выкарыстоўвае варожая армія, забароненых да выкарыстанне міжнароднымі канвенцыямі. Гэта касетныя боепрыпасы з адтэрмінаваным дзеяннем. Гэта замінаваныя надзелы, якія свядома стварала падчас адступлення Расея».

Таксама байцы ЗСУ, Нацгвардыі і паліцыі шукаюць расейскіх дэзерціраў.

«Ёсць вялікая колькасць расейскіх вайскоўцаў, якія проста пераапрануліся ў цывільную вопратку і хаваюцца ў закінутых дамах, у сутарэннях», – распавёў у жывым эфіры «Белсату» генерал-маёр СБУ ў запасе Віктар Ягун.

Контрнаступ ЗСУ толькі пачынаецца, а саюзнікі працягнуць падтрымку Украіны, заявіў у аўторак дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен:

«Гэта вынік нашай падтрымкі, але ў першую чаргу – гэта вынік надзвычайнай мужнасці і моцы Збройных сілаў Украіны і ўкраінскага народу. Пакуль рана казаць, што будзе далей. Расея назапасіла значныя сілы на ўкраінскай тэрыторыі, а таксама тэхніку, узбраенні, боепрыпасы».

Перавага ў колькасці – аснова стратэгіі расейскіх войскаў.

«А Украіна выкарыстоўвае тэхніку інтэлектуальнага планавання. Нашая моц у тым, што мы вельмі матываваныя і дакладна плануем аперацыі», – патлумачыла віцэ-міністр абароны Ганна Маляр.

У Харкаўскай вобласці Збройныя сілы Украіны разбілі расейскія сілы, прызначаныя для контрудараў у выпадку вайны з блокам NATO, а канкрэтна – 1-ю гвардзейскую танкавую армію Заходняй вайсковай акругі. Пра гэта паведаміла выведка Мінабароны Вялікай Брытаніі. «Расеі спатрэбяцца гады, каб аднавіць гэты патэнцыял» – падкрэсліваюць адмыслоўцы ў справаздачы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»