Затрыманага ў польскім Пясэчне Макарыя Малахоўскага, выпусцілі

Макара Малахоўскага затрымалі ў горадзе Пясэчна. Беларус, быўшы рэпрэсаваным на радзіме, з лістапада 2020 года жыве ў Польшчы на падставе гуманітарнай візы. Затрымалі Малахоўскага, атрымаўшы ліст з беларускай пракуратуры.

«Гэта вельмі дрэнная сітуацыя, я не чакаў, што гэта можа адбыцца тут, у Польшчы. Добра, што гэта добра скончылася. Яшчэ не скончылася. Адвакат кажа, што Беларусь будзе прысылаць запыты, хутчэй за ўсё будзе суд. Дзе будуць вырашаць, выдаваць мяне ці не. Трэба быць пастаянна на сувязі. І інфармаваць аб месцы жыхарства», – падзяліўся ўражаннямі Макарый Малахоўскі.

За дзвярыма Варшаўскай акруговай пракуратуры маладзён правёў паўдня. Учора яго затрымала паліцыя гораду Пясэчна на запыт афіцыйнага Менску ў Інтэрпол.

«Не было ні грукату, нічога. То бок яны пачалі падымацца адразу і сказалі, што паступілі скаргі на нас ад суседзяў за тое, што ў нас гучна грае музыка, хаця ў нас на той момант нават ніякія відэа не прайграваліся на ноўтбуку. То бок я гатавала вячэру, а маладзёны размаўлялі», – кажа дзяўчына Макарыя Юлія Лук’янюк.

У Макарыя забралі дакументы і надзелі на яго кайданкі. Ноч ён правёў у мясцовай паліцыі. Раніцаю, калі яго везлі ў Варшаву, справай Макарыя ўжо займаўся фонд «Беларускі дом у Варшаве».

«Цяпер мы робім актыўныя дзеянні, каб як мага хутчэй вызваліць Макара. Мы накіравалі афіцыйныя звароты ў паліцыю Пясэчна, Варшаўскай акругі і Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы, каб разабрацца ў гэтай сітуацыі», – запэўнівае прадстаўнік фонду «Беларускі Дом у Варшаве» Кацпэр Сеніцкі.

Неўзабаве з’явілася рэакцыя і міністра ўнутраных справаў Польшчы. У сваім Twitter ён нагадаў: трэба змяняць правілы супрацы з беларускім рэжымам.

«Учорашні арышт грамадзяніна Беларусі ў Пясэчне – вынік чарговай спробы палітычнага выкарыстання «чырвонай ноты Інтэрполу». На гэты раз беларускім рэжымам. Ужо ў ліпені я звярнуўся да кіраўніцтва Інтэрполу і ўказаў на неабходнасць зменаў», – пракаментаваў падзеі ва ўласным Twitter міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі.

На радзіме Макарыя чакала б турма. Падчас свайго затрымання на пачатку мінулага жніўня на ўласным аўце ён абʼязджаў сілавікоў. Беларускія спецслужбы расцанілі гэта як ґвалт або пагрозу ґвалту над імі – 364-ы крымінальны артыкул. Лёс маладзёна быў у руках польскага правасуддзя.

«Польскія суды – яны заўжды прыхільна ставіліся да палітычных справаў. Ніколі ніводзін палітычны актывіст – ці то журналіст, ці актывіст апазіцыі, ці грамадскі дзеяч – не быў дэпартаваны з Рэспублікі Польшчы ў рукі рэжыму Лукашэнкі», – кажа кіраўнік «Беларускага Дому у Варшаве» Алесь Зарэмбюк.

У Польшчы Юлія з Макарыем жывуць паводле гуманітарных візаў. Усяго ж з мінулага ліпеня Варшава выдала звыш за 12 тысячаў такіх дакументаў грамадзянам Беларусі. Тэарэтычна ў базе Інтэрполу можа апынуцца кожны з іх. Але спраўдзіць гэта ніяк не магчыма, кажуць у Народным антыкрызісным упраўленні.

«Калі беларускі бок будзе ўвесь час даваць у Інтэрпол, у міжнародны вышук звесткі пра нейкіх людзей, якія ўвесь час будуць ацэньвацца праваахоўнымі судовымі органамі як тыя, хто не ўяўляе ніякай грамадскай небяспекі, то з часам да гэтых заяваў будуць ставіцца як да заяваў ад «Хамасу» ці «Талібану», – лічыць юрыст Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Міхаіл Кірылюк.

Але бываюць гісторыі з іншым фіналам – як прыклад, справа байца ММА Аляксея Кудзіна. У Беларусі на яго завялі крымінальную справу нібыта за ўдзел у пратэстах. Афіцыйнаму Менску яго выдала Масква. Цяпер ён чакае этапу ў Жодзінскім СІЗА. Жонка Аляксея, якія была з ім на спатканні ўжо тройчы, распавяла пра ягоны стан.

«Пазітыўна настроены. Ён прымае гэта як пэўны этап жыцця, які трэба прайсці. Нічога з гэтым не зробіш. Убівацца няма сэнсу», – кажа жонка Аляксея Кудзіна Таццяна Пархімовіч.

У Белгарадскім СІЗА Расеі апеляцыі чакае грамадзянін Беларусі Вадзім Дубойскі. 9-га верасня расейскі суд прыняў рашэнне аб ягонай экстрадыцыі.

Надзея Бельская, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама