У ценю інфляцыі


Паводле крыніцаў «Нашай Нівы», яшчэ на мінулым тыдні «ДойчэБанк», асноўны банк-карэспандэнт беларускіх дзяржаўных банкаў, закрыў карэспандэнцкія рахункі ў валюце «Беларусбанка», «Белаграпрамбанка» і «Белінвестбанка». Аналагічным чынам павялі сябе і іншыя замежныя банкі. Зрэшты, непрывабнымі беларускія фінансавыя арганізацыі робяцца не толькі праз заходнія санкцыі.

Інфляцыя зноўку б’е рэкорды. За год беларускі рубель абясцэніўся амаль на 10 адсоткаў. Пры гэтым антырэкорд айчынная эканоміка не толькі дэманструе ўжо другі месяц запар, падкрэслівае Еўразійскі банк развіцця, але і мае дэманстраваць і надалей:

«Інфляцыя ў Беларусі ў жніўні склала 9,8 % г/г, як і ў ліпені. Рост цэн падтрымліваюць павышаныя інфляцыйныя чаканні, глабальныя затрымкі паставак, рост коштаў на харчаванне і сыравіну на сусветным рынку. Зніжэнне ўраджаю збожжа (на 19 % г/г па стане на 10 верасня) можа стаць дадатковым інфляцыйным фактарам да канца года. У выніку мы чакаем захавання гадавой інфляцыі каля бягучага ўзроўню аж да лістапада ўключна».

Пры гэтым інфляцыйныя чаканні таксама не стаяць на месцы. Замест планаваных у студзені 5-ці адсоткаў інфляцыі за год Нацбанк ужо двойчы пагаршае ўласныя прагнозы і ўжо ў ліпені заявіў пра чаканыя 9 адсоткаў інфляцыі да канца года. Гэткім чынам, паводле эканаміста Сяргея Чалага, Нацбанк літаральна распісваецца ў тым, што спазняецца ў змаганні з інфляцыяй, якая можа вось-вось выйсці з-пад кантролю.

«Яны прыйшлі да тых інструментаў, якія вельмі не хацелі выкарыстоўваць. Гэта падвышэнне адсоткавых ставак, здыманне «столяў» з адсоткавых ставак па банкаўскіх дэпазітах. Таму што Нацбанк шмат гадоў змагаўся з тым, каб гэткіх цыклаў не было», – нагадвае Чалы.

Пры гэтым слабы ўраджай збожжа – далёка не адзіны інфляцыйны фактар, які пагражае беларускай эканоміцы. Эксперты Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC падлічылі, што страты ад заходніх санкцыяў, выкліканых фальсіфікацыяй выбараў рэжымам Лукашэнкі і наступнымі рэпрэсіямі супраць грамадства, могуць скласці да 10 адсоткаў валавога ўнутранага прадукту нашай краіны. І цыраваць гэткія дзіры ў бюджэце няма чым.

«Уявіць сабе, што нейкая іншая галіна раптам вельмі хутка, цягам года, з’явіцца на роўным месцы, вырасце дастаткова сур’ёзна і заменіць нафтаперапрацоўку і калій – ну, наўрад ці гэта адбудзецца», – паціскае плячыма акадэмічны дырэктар Цэнтру Кацярына Барнукова.

Калі ж нейкім цудам сітуацыя не палепшыцца, то інфляцыйныя чаканні пагражаюць ператварыцца ў доўгатэрміновыя, тлумачыць эканаміст Чалы:

«Гэта вельмі небяспечная рэч, таму што пачынае ўключацца ментальная індэксацыя. То бок усе кантракты і гэтак далей будуць, з улікам таго, што грошы ты атрымаеш не адразу – ты загадзя будзеш закладваць гэты рост цэнаў. Змагацца з гэтым будзе вельмі цяжка».

Дый шляхоў змагання, тлумачыць акадэмічны дырэктар Цэнтру BEROC Кацярына Барнукова, – літаральна два. Альбо шукаць, як абысці санкцыі, альбо клянчыць кампенсацыю ў Расеі ў выглядзе новых крэдытаў. То бок капаць эканамічную яміну для краіны яшчэ глыбей.

Валера Руселік, «Белсат»