Грузія (не)бяспечная для беларусаў

Грузія можа стаць небяспечнай для беларускіх дысідэнтаў, якія спрабуюць схавацца там ад рэпрэсіяў. Сёння набыла моц дамова аб супрацы між беларускім КДБ і Службай бяспекі Грузіі, падпісаная 5 гадоў таму. Наколькі высокая рызыка ляцець з Менску праз Тбілісі, высвятляла Каця Малей.

Грузія сёлета стала адной з самых папулярных і даступных краінаў для беларусаў, пасля таго як скасавалі авіярэйсы ў Еўропу. Сюды сталі прыбываць не толькі на адпачынак, але і каб схавацца ад пераследу беларускіх уладаў. Аднак і ў гасціннай Грузіі для іх можа быць небяспечна. Набыло моц пагадненне аб супрацы КДБ Беларусі са Службай бяспекі Грузіі, якое распрацавалі і падпісалі яшчэ ў 2016 годзе на нявызначаны тэрмін. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале Рэспублікі Беларусь.

«У рамках гэтага Пагаднення Бакі, у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам дзяржаваў Бакоў, ажыццяўляюць супрацу і ўзаемадзеянне, улічваючы інтарэсы забеспячэння дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Грузіі, і для гэтага вызначаюць напрамкі ўзгодненых дзеянняў паміж Бакамі».

Пагадненне рэгламентуе супрацу і ўзаемадзеянне КДБ і СБГ. Гэта абмен інфармацыяй, спрыянне ў барацьбе са злачынствамі супраць дзяржбяспекі, тэрарызмам і кібертэрарызмам, арганізаванай злачыннасцю, незаконным абаротам зброі, карупцыяй, раскрыццём сакрэтнай інфармацыі. Формы супрацы прадугледжваюць выкананне запытаў і перадачу персанальных дадзеных, правядзенне супольных мерапрыемстваў, абмен досведам і гэтак далей. Аднак падставаў для панікі праваабаронца Раман Кісляк не бачыць:

«Я думаю, што могуць узнікнуць праблемы паводле супрацы для беларусаў, перадачы нейкіх дадзеных. Але што датычыцца выдачы людзей (чаго людзі асцерагаюцца), гэтае адно пагадненне гэтага не рэгламентуе. Таксама існуюць і іншыя нарматыўныя міжнародныя акты, якія рэгламентуюць гэтыя пытанні. Я думаю, што гэта не будзе так лёгка – затрымаць і выдаць грамадзянаў, якія абвінавачваюцца ў Беларусі паводле сфабрыкаваных палітычных справаў».

У грузінскіх медыях дакумент пакуль не абмяркоўваюць. На думку палітычнага аналітыка Гіёргія Нодыя, грузінскія ўлады не зацікаўленыя ў яго агалосцы:

«Грузінскім уладам будзе складана, маючы на ўвазе ціск грамадскага меркавання, проста так вось выдаваць беларускіх апазіцыянераў рэжыму Лукашэнкі. Праз гэта будзе вялікая крытыка, як знутры Грузіі, так і з боку Захаду. Так што я спадзяюся, што яны гэтага рабіць не будуць».

Тым не менш палітолаг не выключае, што на падставе гэтага пагаднення грузінскія ўлады могуць выдаваць беларусаў. Тым больш што падобны інцыдэнт ужо здараўся:

«Журналіста Афгана Мухтарлы выкралі з Грузіі і павезлі ў Азербайджан. То бок, афіцыйна Грузія не перадавала журналіста ў Азербайджан, але фактычна яго выкралі, абставіны выкрадання прымушалі думаць, што на самой справе спецслужбы Грузіі былі да гэтага датычныя, што была нейкая таемная супраца паміж спецслужбамі дзвюх краінаў, але гэта выклікала вялікі скандал».

У Грузію прыбываюць сотні беларускіх журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў. Са словаў нашага калегі Алеся Ляўчука, які цяпер жыве ў Батумі, тут яны сябе адчуваюць у бяспецы:

«Некаторыя людзі ўжо жывуць тут: купілі дом, тут праводзяць розныя акцыі пад бел-чырвона-белым сцягам. Пакуль эксцэсаў не адбылося. І мы спадзяемся, што так будзе і далей».

Найбольш бяспечна беларусам цяпер, на думку Рамана Кісляка, шукаць прытулку на Захадзе.

Каця Малей, «Белсат».

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама