Кацярыне Андрэевай сумарна з папярэднім прысудзілі 8 гадоў і тры месяцы


Прысуд са сталінскага часу. Восем гадоў і тры месяцы калоніі агульнага рэжыму за нібыта здраду… дзяржаве Беларусь. Апоўдні прагучаў незаконны, на думку «Белсату» і паводле ўсіх разумных прынцыпаў, прысуд нашай журналістцы Кацярыне Андрэевай. Сама Каця захоўвае спакой і нават жартуе: маўляў, атрымала больш за Салжаніцына.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На архіўных кадрах муж Кацярыны Ігар Ільяш, які амаль два гады чакае яе вызвалення. Аднак Гомельскі суд вызначыў, што чакаць давядзецца яшчэ больш за шэсць гадоў.

У Фэйсбуку Ігар патлумачыў:

«Яна смутна пажартавала, што ў выніку атрымала больш, чым Салжэніцын. Ён сапраўды атрымаў у 1945 годзе 8 гадоў пазбаўлення волі – пры Сталіне. А Каця – сумарна 8 гадоў і тры месяцы. Што азначае сумарна, я патлумачу. Прысуд па менавіта гэтай справе быў – 8 гадоў. Але шляхам сумавання з папярэднім прысудам – канчатковы вердыкт 8 гадоў і тры месяцы».

За якія дзеянні журналістку прызналі вінаватай у «дзяржаўнай здрадзе» паведамілі ўжо пасля суда праўладныя тэлеграм-каналы:

«”Здрада дзяржаве”, вінаватаю ў якой яе прызналі, выяўлялася ў «выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іхным прадстаўнікам дзяржаўных таямніцаў Рэспублікі Беларусь».

Для беларускага рэжыму – Кацярына вораг. Але ў вачах дэмакратычнай грамадскасці – прафесіяналка і патрыётка сваёй краіны – лічаць у Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая вядзе маніторынг парушэнняў свабоды слова ў краіне.

«Кацярына Андрэева – адная з самых смелых беларускіх журналістак, якая была на самых гарачых кропках беларускіх пратэстаў ва ўсе гады і прынцыпова паказала праўду гледачам і чытачам Белсату», – мяркуе Барыс Гарэцкі з БАЖ.

Віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі агучвае схаваны сэнс рашэння суда:

«Краінай кіруе хунта, якая помсціць, якая дзеля ўтрымання ўлады гатовая ламаць жыццё маладым ні ў чым не вінаватым людзям. Патрыётам сваёй Радзімы, якія хочуць для сваёй Радзімы толькі самага найлепшага».

Першы крымінальны палітычны тэрмін – 2 гады – Кацярына Андрэева адбывала ў папраўчай калоніі № 4 У Гомелі. Яе прызналі вінаватай у нібыта «грубым парушэнні грамадскага парадку». Па факце за тое што ёй з калегай Дар’яй Чульцовай у лістападзе 20-га года ўдалося весці Стрым падчас знішчэння сілавікамі Народнага мемарыяла рамана Бандарэнкі, забітага ў перыяд беларускіх пратэстаў. Праз два месяцы Кацярына павінная была выйсці на волю.

Гэта ўжо другі сурʼёзны тэрмін для незалежнага журналіста, выняты гэтым летам.

«Цяпер ідзе такі моцных каток рэжыму, каб «закатаць» журналістаў. Яны хочуць паказаць Дамінаванне, захоп медыя-сектару, якога яны не могуць ажыццявіць фізічна, паколькі рэдакцыі выехалі. Таму яны распраўляюцца з журналістамі, якія трапілі ў палон», – кажа Барыс Гарэцкі.

«Белсат», журналісцкія арганізацыі і палітыкі краінаў Захаду будуць рабіць усё магчымае, каб Кацярына раней выйшла на волю. Ёсць яшчэ адна задача. Дэпутат Еўрапарламенту Пятрас Аўштравічус просіць беларусаў не паддавацца:

«Восем гадоў! За што? Палохаючы здрадай радзіме. Дык гэта нейкае варʼяцтва. Я думаю, што такія прысуды наадварот павінны мабілізаваць людзей».

Смеласць Кацярыны і ейнае майстэрства высока ацанілі ў міжнароднай журналісцкай супольнасці. Яна стала лаўрэаткаю мноства журналісцкіх прэміяў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»