Еўразвяз зняў частку абмежаванняў транзіту, але чэргі на мяжы застаюцца


Еўразвяз зрабіў выключэнні для транзіту грузаў у Калінінградскую вобласць ці назад у Расею. Пад санкцыі не трапляюць перавозкі чыгункай. Але любы правоз тавараў падвойнага прызначэння – таго, што можа быць скарыстана для вайны – забароненая. Таксама абмежаванні застаюцца на тым жа ўзроўні для аўтатранспарту. Гэта ўплывае на транзіт праз Беларусь. Як паведамляе Памежны камітэт, праз літоўскія і польскія памежныя пераходы цяпер ідзе толькі 45 % грузавога транспарту ад нормы. І толькі дзве траціны ад звычайнай колькасці легкавых аўтамабіляў заехала з Беларусі ў Еўразвяз праз літоўскую, латвійскую і польскую межы. Найменш прыватных аўтаў за апошні дзень аформілі польскі памежны пункт «Тэрэспаль» і літоўскі «Мядзінінкай» – або «Меднікі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Еўразвяз зрабіў выключэнні ў пытанні транзіту грузаў у Калінінградскую вобласць. Еўракамісія апублікавала афіцыйны дакумент з абноўленымі інструкцыямі для дзяржаваў-удзельніц. Транзіт праз Еўразвяз паміж несумежнымі рэгіёнамі Расеі дазволены выключна для чыгункі – і толькі пры эфектыўным памежным кантролі. Аўтатранспартны транзіт санкцыйных тавараў усё яшчэ пад забаронай. Пры гэтым Брусель адмаўляе факт перамоваў з Масквой у пытанні Калінінграду.

«Паміж Еўразвязам і Расеяй не было перамоваў у пытанні, пра якое вы кажаце, насуперак паведамленням, якія вы цытуеце», – так прадстаўнік Еўракамісіі Эрык Мамэр адказаў на пытанне расейскай газеты «Известия».

Выданне, падкантрольнае Аліне Кабаевай, спасылаючыся на ананімныя крыніцы з расейскага боку, сцвярджала, што Брусель «цалкам задаволіў» Маскву. Але, як бачым, абмежаванні застаюцца. Пад антываенныя санкцыі Еўразвязу, а значыць, і пад забарону транзіту праз Еўразвяз у Расею аўтатранспартам трапляюць сталь і чорныя металы, цэмент, вырабы з дрэва, шкла і гіпсу, вугаль, нафта і нафтапрадукты, спірт і моцны алкаголь ды іншыя тавары. Санкцыі набываюць моц паступова. Але на літоўскіх межах ужо растуць шматкіламетровыя чэргі. Памежны пераход «Райгардас» у Друскінінкаі, або Друскенікі, штодня прапускае па 300 фураў – і ўсё роўна не дае рады.

«Пасля ўвядзення новага пакету санкцыяў чэргі зніклі на пару тыдняў. Але перавозчыкі рэарганізаваліся – і нагрузка вырасла. У нас 12-кіламетровая чарга на памежным пераходзе “Райгардас” у бок Беларусі», – распавёў літоўскім журналістам начальнік памежнага пераходу «Райгардас» Андрус Бяларуцкінас.

Менавіта праз Беларусь і Літву ідзе асноўная плынь грузаў у Калінінградскую вобласць на Балтыйскім узбярэжжы.

«Я прастаяў больш за 10 дзён. Чаму – не ведаю. У нас шмат машын з пропускамі ідзе, а я прастаяў у жывой чарзе», – кажа кіроўца на пераходзе ў Друскінінкаі.

З іншага боку Літвы, на мяжы з Калінінградскай вобласцю, чэргі таксама растуць, і таксама ў абодва бакі.

«Мы праводзім больш шчыльны мытны кантроль, бо ўлічваем падсанкцыйныя тавары. Сістэма ацэньвае, ці ўваходзяць у санкцыйны ліст тавары, якія ідуць з Калінінградскай вобласці ў Расею ці наадварот. Таму мытны кантроль даўжэйшы», – тлумачыць начальнік мытні ў Кібартаі Вадзімас Дзікчус.

Толькі ў панядзелак літоўскія службы развярнулі 34 грузавікі на мяжы з Калінінградскай вобласцю.

Вось што кажуць кіроўцы на пераходзе «Кібартай»:

«4 дні адстаяў. Хутчэй за ўсё, шчыльны дагляд, часцей сталі правяраць».

«На расейскім баку рэнтген праходзіў сёння. У суботу прыехаў, стаў у чаргу, і толькі сёння прыехаў сюды».

Узмоцнены кантроль не толькі на літоўскім, але і на расейскім баку.

«Гэтыя машыны маглі б праехаць у Расею, але расейскі памежны пераход забіты машынамі. Нашыя калегі з таго боку мусяць зменшыць чаргу», – паказвае на шэраг грузавікоў начальнік памежнага пераходу «Кібартай» Дарус Мякшрайціс.

У сераду асацыяцыя літоўскіх аўтаперавозчыкаў «Linava» звярнулася да ўраду з просьбаю фінансава дапамагчы кампаніям у сувязі з абмежаваннямі на транзіт у Калінінград. У асацыяцыі адзначаюць, што найбольшыя страты нясе малы і сярэдні транспартны бізнес. А фінансавая падтрымка патрэбная перавозчыкам, каб пераарыентавацца на заходнія рынкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»