Беларускі памежнік перайшоў мяжу з Украінаю?

Мужчына з Беларусі перайшоў мяжу з Украінай. І быў затрыманы напрыканцы чэрвеня Валынскім атрадам памежнай службы. Пра здарэнне паведамілі на афіцыйным сайце Дзяржаўнай памежнай службы нашых паўднёвых суседзяў. Беларускі афіцыйны бок усе адмаўляе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Як стала вядома, за незаконнае мінанне мяжы мужчыну прызначылі два дні адміністратыўнага арышту і штраф. З пастановы Шацкага раённага суда Валынскай вобласці Украіны вынікае, што ён перайшоў дзяржаўную мяжу з тэрыторыі Беларусі па-за пунктам пропуску паміж беларускім Дубком і ўкраінскім Хрыпскам. Таксама ў дакуменце адзначаюць, што затрыманы – грамадзянін Беларусі, праходзіць вайсковую службу ў званні старшыні матэрыяльнага забеспячэння ў Берасцейскай памежнай групе. Нашаму тэлеканалу сітуацыю пракаментаваў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка:

«Сам затрыманы адразу паведаміў, што ён беларускі памежнік і праходзіць службу ў Берасцейскай памежнай групе. Уласна ён заўважыў, што на парушэнне мінання мяжы наважыўся, каб далучыцца да сілаў абароны Украіны ў вайне супраць Расеі, якую тая і распачала супраць Украіны. Таксама ён расказаў, што не адзін такі, ёсць і аднадумцы, якія хочуць супрацьдзейнічаць расейскай агрэсіі. З адным з такіх ён і ішоў ва Украіну. Па дарозе да мяжы іх вылічылі памежнікі Беларусі, вялася страляніна, каб іх затрымаць. Перайсці мяжу ўдалося толькі яму, другі чалавек застаўся на тэрыторыі Беларусі».

Паводле Андрэя Дэмчанкі, другі чалавек не быў памежнікам, але звязаны з сілавымі органамі Беларусі. Цяпер памежная служба Украіны ды іншыя спецслужбы правяраюць затрыманага. У Менску ў сваю чаргу інцыдэнт адмаўляюць. Там заяўляюць, што ніводны беларускі памежнік не пакідаў межаў радзімы:

«Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Украіны на адрас Дзяржаўнага памежнага камітэту не паступала. Згодна з публікацыямі, мужчына заявіў, што ён грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Пацвердзіць або зняпраўдзіць словы пра беларускае грамадзянства затрыманага з прычыны адсутнасці дакументаў немагчыма. Дзяржаўны памежны камітэт яшчэ раз падкрэслівае: ніводны беларускі памежнік мяжы ва Украіну не пераходзіў, усе вайскоўцы – на месцах нясення службы».

Паводле ўкраінскага боку, інцыдэнт меў месца сёлета 29-га чэрвеня. Як доўга будзе трываць правяранне, пакуль не паведамляюць.

У справе, аднак, застаецца шмат пытанняў. Да прыкладу, ці здолеюць журналісты паразмаўляць з вайскоўцам, чаму пра выпадак стала вядома толькі пасля рашэння суда, чаму мужчына не быў на паседжанні, а ў тэксце судовага рашэння няма тлумачэнняў беларускага памежніка.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама