Інфляцыя павялічваецца, а валюты становіцца менш


Рэальная інфляцыя ў Беларусі за апошнія паўгода апярэдзіла планавую інфляцыю на цэлы год. То бок цэны растуць куды хутчэй, чым планавалі ўлады.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у чэрвені гадавая інфляцыя разагналася амаль да 10 %. Толькі за апошнія паўгода рост склаў 5,8%, хоць на ўвесь 2021-ы год урад закладаў толькі 5%.

Для гэткіх тэмпаў інфляцыі ёсць аб’ектыўныя вонкавыя прычыны, тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб: на фоне аднаўлення эканомік пасля каронавіруса цэны моцна растуць па ўсім свеце. Гэта бачна з таго, што даражэюць металы, драўніна і сельскагаспадарчыя прадукты. Але ў беларускай інфляцыі ёсць яшчэ і ўнутраныя прычыны: «Сярод унутраных прычынаў варта адзначыць адмену ільготы для ПДВ, якая была ў пачатку года на медыцынскія тавары, лекі, дзіцячыя тавары. Акрамя таго розныя праграмы дапамогі дзяржаўным прадпрыемствам, калі ім уліваюцца грошы, таксама адбіваюцца на росце інфляцыі», – кажа Вадзім Іосуб.

Эканоміка Беларусі не першы раз сустракаецца з такой інфляцыяй, таму перажыве, супакойвае Вадзім Іосуб. Між тым, як заўважае эканаміст Яраслаў Раманчук, грамадзянам і прадпрыемствам соладка не будзе.

«Рост інфляцыі – гэта нестабільнасць варункаў працы для вытворцаў, гэта змяншэнне яшчэ большае магчымасцяў інвестыцыяў, гэта беднасць або павелічэнне сферы беднасці для тых людзей, якія маюць фіксаваны даход у беларускіх рублях, гэта яшчэ большае парушэнне культуры зберажэнняў», – лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Калі глядзець на цэны тавараў і паслуг, то лідарамі ў падаражэнні выявіліся: маянэз, лекі, нерэгуляваны пасажырскі транспарт, паслугі аховы жылля, алей і тлушчы, а таксама курыныя яйкі.

Ці заўважылі рост цэнаў беларусы, мы запыталіся на вуліцах Бабруйску:

«Уявіце, я – пенсіянерка, вядома, адбіваецца. Камунальныя плацяжы – усё расце».

«Вось на алей – самае галоўнае пытанне, што паднялося, там у 2–3 разы; напэўна, морква – па 4 рублі, хаця па 1-м было. Вельмі моцна паднялася цана на ўсе прадукты. На харчаванне дзіцячае – у мяне трое дзяцей».

«Рост цэнаў – гэта нармальная зʼява».

«Ну, я заўважыў, што апошні час я значна больш стаў выдаткоўваць на ежу».

«Праедзь міма запраўкі – кожны дзень сачы за табло і будзеш бачыць, нават у краму нельга заходзіць».

Не дзіва, што пры такой інфляцыі людзі стараюцца пераводзіць беларускія рублі ў валюты, якім яны больш давяраюць. Толькі сёлета беларусы забралі 3,7 мільярда долараў з валютных укладаў. Пры гэтым адток валюты з банкаўскай сістэмы назіраецца ўжо шмат месяцаў.

«Мяне больш цікавіць пытанне, чаму яшчэ засталося больш за 5 млрд долараў, бо калі няма даверу да дзяржавы, няма даверу да органаў кіравання пры іх дэфіцытнай легітымнасці, чаму ўвогуле людзі давяраюць фармальна інстытуцыям дзяржавы», – кажа Яраслаў Раманчук.

Цікава, што яшчэ зусім нядаўна для Нацбанку адток валютных укладаў быў нават пажаданым. Але пры ўмове, што будуць расці рублёвыя дэпазіты. Цяпер жа валютныя ўклады змяншаюцца без прыросту рублёвых, што ў цэлым памяншае рэсурс у банкаўскай сістэме.

«Казаць, што гэта супернебяспечна, таксама нельга, калі банкі пры памяншэнні валютных рэсурсаў менш выдаюць валютных крэдытаў, але ў цэлым сітуацыя збалансаваная, то вялікіх пагрозаў для банкаўскай сістэмы гэта не нясе», – тлумачыць тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Пераход на долары, як гэта было ў 90-я гады, сведчыць, што беларусы спадзяюцца толькі на сябе, а не на дзяржаву, і больш давяраюць замежным валютам – долару і еўра, – чым беларускаму рублю. Тлумачыць Яраслаў Раманчук: «100 тыс. месцаў працы, якія прапануюць заробкі да 500–600 руб. Пры інфляцыі гэта той заробак, які гарантуе знаходжанне ў зоне беднасці і галечы. Вось да чаго мы ідзем, і пашырэнне галечы – гэта тое, што чакае краіну, якая не можа стабілізаваць цэнаў пры дапамозе рынкавых механізмаў».

Сярод іншых наступстваў інфляцыі Яраслаў Раманчук называе скарачэнне эканамічнай дзейнасці ў афіцыйнай сферы, то бок у Беларусі будзе пашырацца шэрая эканоміка. А каб спыніць рост інфляцыі, на думку экспертаў, уладам трэба перастаць штучна падвышаць заробкі і перастаць крэдытаваць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы.

Ірына Карніенка, «Белсат»