Вячорка: «Сілавы рэжым імітуе бурлівую дзейнасць з мэтаю адцягвання сілаў Украіны ад усходняга фронту»


Якой будзе вайна, калі яна ўсё ж будзе і якім мае быць КДБ, каб адпавядаць вылікам часу? Кіраўнік сілавога рэжыму задаўся гэтымі пытаннямі і анансаваў рэформу сваіх галоўных спецслужб. У Камітэту дзяржкантролю будзе яшчэ больш функцыяў, але якіх – пакуль не сказалі. Але магчымай вайной – напужалі. Чым мае займацца камітэт, чым займаецца насамрэч і што яшчэ ўсцягне на свае шырокія плечы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністэрства абароны – рэструктурызаваў. Памежныя войскі – узмацніў. Міністэрства надзвычайных сітуацыяў – узброіў. Сёння ж Лукашэнка заявіў пра патрэбу рэфармаваць свой асноўны аплот – Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

«Да традыцыйных мерапрыемстваў, якія яны праводзяць, традыцыйным функцыям і задачам, якія яны вырашаюць… нам трэба з часам дадаваць іншыя функцыі і, магчыма, узмацняць цяперашнія», – прамовіў Лукашэнка.

Асноўныя статутныя функцыі КДБ – абарона незалежнасці і нацыянальнай бяспекі ва ўсіх галінах, інфармаванне кіраўніка краіны пра стан рэчаў, вонкавая выведка і контрвыведка. Выяўленне асобаў, якія шкодзяць дзяржаве. Змаганне з тэрарыстамі. Але таксама карупцыя, крыптабяспека, ахова дзяржаўных таямніц.

«Трэба ўзмацняць дзейнасць у некаторых напрамках, недзе, магчыма, таксама ствараць новыя. Асабліва ў сілу той інфармацыйнай бяспекі, якая мае быць у краіне і той гібрыднай вайны, якая разгорнутая не толькі супраць Беларусі», – сказаў дыктатар.

Разгадаць планы Лукашэнкі дапамог Старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка. Палітык кажа, што ў апошнія некалькі тыдняў сілавы рэжым імітуе бурлівую дзейнасць з мэтаю адцягвання сілаў Украіны ад усходняга фронту.

«Усе гэтыя заявы пра падваенне беларускай арміі, пра апалчэнне, пра капанне акопаў і стварэнне фартыфікацыі на мяжы, як і пра рэфармаванне КДБ – гэта заявы з адной серыі. Я думаю, што заўтра-паслязаўтра яны забудуць пра гэта і прыдумаюць нейкую новую гісторыю. Абы Лукашэнка заставаўся на парадку дня», – лічыць Вячорка.

Гісторыяў не пералічыць. Днямі Лукашэнка ўзнагароджваў працаўнікоў КДБ за вынікі спецаперацыі, якая аказалася фэйкам. Нібыта КДБ вызваліў з украінскага палону некалькі дзясяткаў беларускіх дальнабойнікаў і забраў два целы загінулых.

Твары ратаўнікоў і ўратаваных таксама не паказалі. Да таго ж адкрылася, што целы загінулых даставілі ў Беларусь пры дапамозе палякаў і беларускіх ды ўкраінскіх консулаў. Прапаганда прайграе ў інфармацыйнай вайне – лічыць Франак Вячорка:

«Інфармацыйна ён прайграе. Таму ён гаварыў пад час прамовы пра КДБ і некалькі дзён раней, што яму трэба інфармацыйныя войскі. У яго дакладна ёсць фабрыка троляў, у яго ёсць брыгады добраахвотнікаў, якія ідэалагічна верныя. Ці могуць яны арганізаваць сапраўдную інфармацыйную барацьбу – вельмі сумняюся».

Без павелічэння штату ды інвеставання ў навучанне ды інфраструктуру – сённяшнія словы застануцца словамі – лічыць палітолаг.

«Для таго каб выконваць новыя задачы, хутчэй за ўсё, патрэбныя новыя людзі, або нейкія старыя задачы зняць з людзей, якія ўжо ёсць», – мяркуе Андрэй Казакевіч.

Тым не менш, на спатканні з кіраўнікамі сваёй адміністрацыі, Савету бяспекі і КДБ Лукашэнка вылучыў значнасць апошняга. Сёння «чэкісты» займаюць высокія пасады ў іншых спецслужбах і падраздзяленнях, а таксама ў органах улады.

Юлія Цяльпук, «Белсат»