Як Беларусь і Расея чыняць шкоду Казахстану


З’яўленне расейскіх і беларускіх фірмаў у Казахстане чыніць шкоду эканоміцы краіны ды яе стратэгічнаму развіццю – такія заявы гучаць у Нур-Султане. У парламенце занепакоеныя тым, што ў краіне працуюць шэрыя схемы для абыходу еўрапейскіх санкцыяў, накладзеных на Расею і Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння ўсе грузы ў Расею, Беларусь і Казахстан мы можам даставіць толькі аўтамашынамі з казахстанскімі нумарамі, у сувязі з гэтым расейскія і беларускія кампаніі рэгіструюцца ў Казахстане, атрымліваюць казахстанскія нумары на вялікагрузы, выбіраюць бланкі дазволаў, так званыя «дазволы», і бесперашкодна заязджаюць у Еўропу і выязджаюць адтуль пад сцягам Казахстана», – кажа дэпутат мэжыйлійсу Казахстану Максат Раманкулаў.

Нястача замежных бланкаў дазволаў выклікала рэзкі скачок цэнаў на гэтыя паслугі. Калі ў 2021 годзе кошт фрахтаў аднаго аўтатранспарту складаў 5–6 тысяч еўраў, то цяпер кошты выраслі ўтрая. Усе гэтыя выдаткі ў выніку кладуцца на спажыўца.

«Даволі часта расяяне зараз абмяркоўваюць, што хутчэй за ўсё Казахстан стане тэрыторыяй, праз якую можна будзе абыходнымі шляхамі абыходзіць гэтыя забароны», – распавядае эканаміст Арман Бейсембаеў.

Дэпутат Раманкулаў лічыць, што дзяржава мусіць абараніць інтарэсы айчыннага бізнесу і ўвесці абмежавальныя захады для фірмаў, якія прыйшлі з падсанкцыйных краінаў.

У гэтых замежных фірмах працуюць расейцы ды беларусы, буйныя перавозцы выціскаюць драбнейшых казахскіх, у сувязі з чым бюджэт губляе грошы, а Казахстан атрымлівае новых беспрацоўных. Ці выйграе пры гэтым бюджэт Беларусі?

«Самую галоўную выгаду ў гэтым маюць не краіны, як паказвае наш досвед папярэдніх расследаванняў, а менавіта абраныя людзі са сувязямі ва ўрадзе», – мяркуе журналіст «Белсату» Стась Івашкевіч.

Каманда Івашкевіча рабіла такія расследаванні пасля таго, як у 2014 годзе першыя санкцыі былі ўведзеныя супраць Расеі, а рэжым Лукашэнкі адкрыў зялёныя калідоры шэрых схемаў.

Івашкевіч дадае, што «самая простая рэч, каб змагацца з стратамі, якія нясуць розныя падобныя схемы краіне, гэта проста цалкам сумленна і адкрыта дзейнічаць.»

Ці зможа ўрад Казахстану супрацьстаяць гэтаму, а галоўнае, ці захоча? За сакавік і красавік гэтага года колькасць зарэгістраваных юрыдычных асоб з Расеі ды Беларусі ў Казахстане павялічылася на 25 адсоткаў.

Ці ёсць сэнс у санкцыях, якія можна абысці, пагатоў калі краіна, якая пад санкцыі не трапляе, зазнае эканамічныя страты?

Беларускія перавозцы працягваюць працаваць, замяніўшы нумары на фурах. Прыбытак атрымліваюць беларускія ж уладальнікі, у тым ліку звязаныя з чыноўнікамі рэжыму Лукашэнкі.

Прыклад з Казахстанам паказвае, да чаго прыводзіць адсутнасць адзінай санкцыйнай палітыкі, лічыць доктар палітычных навук

Вадзім Валавы:

«Усе санкцыі, якія ўводзяцца супраць у меншай ступені Беларусі, у большай ступені, вядома, Расеі, шмат у чым залежалі б ад пазіцыі такіх краін, як Кітай ці Індыя».

У санкцыяў ёсць свае абмежаванні, якія выкарыстоўвае бізнес, знаходзячы магчымасці іх абысці. Ціснуць наўпрост на трэція краіны, якія робяцца пляцоўкаю для шэрых схемаў, ЗША і Еўразвяз не могуць – лічаць эксперты. Уладам Казахстану давядзецца самім прымаць няпростае рашэнне. З аднаго боку – Еўразвяз і ЗША, з другога – партнёры з Еўразійскага саюзу.

У Нур-Султане мусяць вызначыць, што важнейшае: абарона сваіх эканамічных інтарэсаў або лавіраванне ў пытаннях замежнай палітыкі.

Ігар Віняўскі, «Белсат»