Саліст «Kalush Orchestra»: «Гэта вельмі адказны момант для нас, бо нашую культуру зараз спрабуюць знішчыць»


Увесь гэты тыдзень свет музычнай культуры глядзіць на Турын. А ўжо заўтра – кульмінацыя. Фінал «Еўрабачання» пабачаць мільёны, а пераможца – толькі адзін. Букмекеры фаварытам называюць Украіну. Але «Еўрабачанне» можа прынесці неспадзяванку. Што праўда, Беларусі і Расеі сёлета няма сярод удзельнікаў, і тут сюрпрызу не будзе. Як не будзе і трансляцыі конкурсу ў гэтых краінах. Але паглядзець «Еўрабачанне» можна – на афіцыйным YouTube-канале конкурсу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Першы паўфінал шэсцьдзясят шостага «Еўрабачання» адбыўся 10 траўня. Гэтым разам песенны конкурс праходзіць у італьянскім Турыне пад слоганам «Гук прыгажосці», і на перамогу ў ім прэтэндуюць сорак краінаў замест меркаваных спачатку сарака адной.

У масках жоўтых ваўкоў у стылі электра-поп на сёлетнім конкурсе выступае прадстаўнік Нарвегіі. Гурт «Subwoolfer» у сваёй танцавальнай кампазіцыі прапануе скарміць ваўку банан. У рэйтынгу букмекераў Нарвегія трымае дзявятую пазіцыю.

У першым паўфінале замест васямнаццаці выступілі сямнаццаць краінаў. Тут павінен быў быць нумар Расеі, але ўжо на наступны дзень пасля пачатку яе поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі супраць Украіны арганізатар конкурсу, Еўрапейскі трансляцыйны звяз, паведаміў, што Расею адхілілі ад удзелу.

Другі паўфінал конкурсу прайшоў учора, 12 траўня. Украіна, якую на «Еўрабачанні» рэпрэзентуе «Kalush Orchestra», стала фаварытам яшчэ да адкрыцця шоу і ім жа засталася пасля двух паўфіналаў. Шанцы «Kalush Orchestra», паводле букмекераў, складаюць 60 адсоткаў, пры гэтым наступнай у спісе Вялікай Брытаніі даюць толькі 10 адсоткаў.

«Гэта вельмі адказны момант для нас, бо нашую культуру зараз спрабуюць знішчыць. Мы тут, каб паказаць усім, што ўкраінская культура ёсць, украінская музыка існуе, яна жывая і ў яе свой вельмі цікавы і прыгожы почырк», – кажа саліст «Kalush Orchestra» Алег Псюк.

Ён прысвяціў песню «Stefania», з якой яны ўдзельнічаюць у конкурсе, сваёй маці і ўсім жанчынам, якія засцерагаюць сваіх дзяцей ад жахаў вайны. Хаця сама кампазіцыя была напісаная задоўга да пачатку вайны.

«Любая перамога ўва ўсіх аспектах зараз была б вельмі важнай для Украіны. Перамога на “Еўрабачанні” моцна падняла б дух украінцаў, гэта была б вельмі добрая навіна, а ў нас не так шмат добрых навінаў апошнім часам», – дадае саліст.

Традыцыйна Вялікая Брытанія, Італія, Іспанія, Францыя і Нямеччына на правах краінаў-арганізатараў праходзяць у фінал конкурсу аўтаматычна. Галоўнага канкурэнта Украіны, Вялікую Брытанію, на сёлетнім конкурсе рэпрэзентуе спявак і зорка «TikTok» з дванаццаццю мільёнамі падпісчыкаў Сэм Райдэр. Ён выконвае песню «Space Man» аб тым, як гэта – быць астранаўтам.

Літаральна за некалькі дзён да другога паўфіналу Сэм Райдэр адабраў званне галоўнага канкурэнта ў італьянскага дуэту «Mahmood & Blanco», які трымаўся ў лідарах некалькі месяцаў. Пасля другога паўфіналу Італія займае ўжо чацвёртую пазіцыю і саступае, акрамя Украіны і Вялікай Брытаніі, прадстаўніцы Швецыі Карнэліі Якабс.

Беларусь адхілілі ад удзелу ў «Еўрабачанні» яшчэ летась, калі краіна паспрабавала адправіць на конкурс песню, якая высмейвала ўдзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Галоўная інтрыга, хто стане пераможцам «Еўрабачання» падчас вайны, вызначыцца заўтра, 14 траўня, на фінале конкурсу.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»