Затрыманні і прысуды 13 траўня: шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму барабаншчыку пратэстаў


Шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Таццяна Пірожнікава задаволіла патрабаванне пракурора Яўгена Серакова для 30-гадовага менчука Аляксея Санчука. Яго абвінавацілі адразу паводле трох крымінальных артыкулаў: за рыхтаванне злачынства, масавых беспарадкаў ды навучанне ім. Справу разглядалі ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы.

«Нерэальна, што нават не верыцца. Гэта ганьба для суда, я лічу. Таму што дзесяць хвілінаў зачытваць, колькі ўлётак у яго было, ну гэта ж не экстрэмізм, ані разу, зусім. І 6 гадоў… У мяне проста ў галаве не ўкладваецца, я проста не разумею», – лічыць сяброўка Аляксея Санчука Кацярына.

Сваю віну падсудны прызнаў толькі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, хоць у акцыях удзелу не браў. У палітзняволенага засталіся на волі жонка і маленькая дачка. Затрымаў Аляксея ГУБАЗіК разам з музыкамі гурта «Патрабуем разысціся». Маладзён прыйшоў да іх на рэпетыцыю, бо захапляўся творчасцю бубначоў, якія сталі сімваламі пратэсту.

Пасля ператрусу ў гаражы, які нават Аляксею не належыць, знайшлі піратэхніку, падводную стрэльбу і пратэставую атрыбутыку. Гаспадар будынку і ягоная жонка гатовыя былі даць паказанні пра гэта, але пазову не прынялі ў судзе. Таксама паводле пракурора, Аляксей нібыта адкрыў рахунак дзеля фінансавання пратэстаў. «Менсктранс» за нібыта блакаванне дарог выставіў палітвязню пазоў амаль што на 170 тысячаў рублёў.

«Вельмі пераймаецца, але ў той жа момант і падтрымлівае, піша яму лісты, малюе, з нецярпеннем чакае ад яго лістоў. Плача, канечне. Не без гэтага, але верыць у лепшае. Не ведаю, калі б не яна, цяжка было б», – кажа жонка Аляксея Санчука Ганна Санчук.

«Так, сумавала. Ён цяпер у турме сядзіць. Мы яму дасылаем лісты, пішам усялякае, пастаянна сумуем па ім», – чакае тату дачка Аляксея Санчука Аліна Санчук.

Суддзя Партызанскага раёну Менску Наталля Дзядкова працягвае разгляд крымінальнай справы супраць Дзмітрыя Таратуна і ягонай знаёмай Дзіяны Казак. Іх вінавацяць у злосным хуліганстве. Нібыта на пачатку лютага падсудныя намалявалі графіці на трансфарматарнай падстанцыі. У малюнку пабачылі грамадска-палітычны змест. Нанесеная шкода амаль на 33 рублі.

«Для нас адзіным слушным прысудам будзе толькі апраўдальны прысуд. А справа мусіць быць спыненая», – лічыць адваката менскай гарадской калегіі адвакатаў Ігар Касцюк.

Сёння падсудныя выступалі з апошнім словам. Для Дзмітрыя Таратуна пракурор Вароніч патрабуе 3 гады адкрытай «хіміі», а для Дзіяны Казак – 1 год і 6 месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову. Таксама запытваюць кампенсацыю – 45 рублёў працэсуальных выдаткаў.

«Я не стала казаць вялікую прамову, але я сказала, што ў мяне ёсць дастаткова планаў на навуковую дзейнасць, ёсць, каму дапамагаць у сям‘і, і ўсё, што адбываецца, гэта проста абсурд», – кажа Дзіяна Казак.

Пасля 20-ці содняў адміністратыўнага арышту на волю выйшаў актывіст Зміцер Дашкевіч. Яго затрымалі 23 красавіка разам з іншымі, хто нёс курапацкую варту каля рэстарану «Паедзем паядзім».

«Дна няма. Я вось зараз зразумеў. Мы ўсё разважалі, «там, прабіта дно». Я думаю, трэба ўжо забыць такія фармулёўкі. Не існуе ў гэтай сістэме, якой кіруе ман’як. Яны гэта абсалютна цвяроза разумеюць. Дна не існуе», – кажа грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч.

Сёння стала вядома, што затрыманых на Менскім моры за бел-чывона-белыя сцягі асудзілі на 85 содняў арышту агулам.

Надзея Бельская, «Белсат».