Студэнты залатога веку: вучацца з захапленнем дзеля задавальнення


Вучацца з захапленнем, не дзеля ацэнак, а дзеля задавальнення. Набываюць новыя веды, заводзяць сяброў. А сёння для студэнтаў універсітэту залатога веку прагучаў апошні званок.

Тэатральная пастаноўка, выступ спеўнага хору «УЗВышша», дэфіле клубу «Стыльная я» ды лацінаамерыканскія танцы. Разнастайную праграму прадставілі выпускнікі гарадзенскага Універсітэту залатога веку.

Нават у час пандэміі праца ўніверсітэту працягваецца. Былі запушчаныя віртуальныя курсы, слухаць якія можна было не толькі ў Горадні.

«Зараз мы маем паўнавартасную пляцоўку, дзе могуць займацца не толькі гарадзенцы, дзе могуць выкладаць таксама не толькі гарадзенцы. Людзі не толькі з іншых гарадоў, але і з іншых краін. Мы распачалі школу здаровага даўгалецця, бо разумеем, што людзі сталага веку – галоўная група рызыкі пад час пандэміі. Яны патрабуюць больш дапамогі», – распавядае адзін са стваральнікаў універсітэту Вітаўт Руднік.

За 11 гадоў працы каманда праекту стварыла больш як 100 курсаў, папрацавала з больш як тысячаю сталых студэнтаў.

«Студэнт УЗВ гэта перш за ўсё людзі ва ўзросце 55+. Людзі, якія выйшлі на пенсію, якія маюць сілы, якія жадаюць нешта рабіць, далей развівацца. Мы рабілі статыстыку – 83 адсоткі студэнтаў мелі вышэйшую адукацыю», – кажа сябар праўлення УЗВ Ларыса Ганчар.

Гарадзенская ініцыятыва навучальнай установы для людзей паважнага ўзросту – першая ў Беларусі. Яна дала пачатак стварэнню падобных установаў у краіне надалей.

«Нашую місію можна акрэсліць адным сказам, нават адным словам – актывізацыя. Актывізацыя інтэлектуальная, каб людзі атрымлівалі тыя веды і ўменні, якія ім патрэбныя для жыцця ў сучасным грамадстве. Актывізацыя фізічная, каб яны заставаліся ў добрай форме, каб менш патрабавалі апекі з боку дзяржавы і сям’і. І галоўнае актывізацыя сацыяльная, каб людзі сацыялізаваліся – знаходзілі новых сяброў, адчувалі сябе патрэбнымі грамадству. На гэтых трох слупах і трымаецца нашая праца», – падсумоўвае Вітаўт Руднік.

Каманда ўніверсітэту не збіраецца спыняцца на дасягнутым і анансуе новыя адукацыйныя курсы, каб жыццё іх залатых студэнтаў стала ярчэйшым.

Алесь Баразенка, Белсат