Новы амбасадар Расеі Яўген Лук‘янаў: са шпіёнскага банку ў расейскую амбасаду


Лукашэнка – нелегітымны прэзідэнт. Такую пазіцыю сёння прадэманстравалі еўрапейскія дыпламаты, якія адмовіліся ўручаць Лукашэнку даверчыя граматы ад кіраўнікоў сваіх краінаў. Аднак зрабіў гэта новы амбасадар Расеі Яўген Лук‘янаў. Але што гэта за чалавек?

Свой давяральны ліст у палац Лукашэнкі новы расейскі амбасадар прынёс разам з прадстаўнікамі Іраку, Нікарагуа, Руанды, Саудаўскай Аравіі і Сьера-Леонэ.

З гэтага моманту могуць афіцыйна пачынаць дыпламатычную дзейнасць у Беларусі. Хаця Яўгеній Лук‘янаў ужо хадзіў ускладаць кветкі да мемарыяльнага комплексу «Яма» і выступаў у Доме Масквы.

Да Беларусі Лук‘янаў быў амбасадарам Расеі ў Латвіі – і сёння паспеў заявіць, што адмова беларускіх уладаў ад балтыйскіх портаў на карысць расейскіх – гэта не палітычнае рашэнне.

Яўгенію Лук‘янаву амаль 70, ён пачынаў кар‘еру ў сакрэтным НІІ «Імпульс» як інжынер-перакладчык – гэтае прадпрыемства дагэтуль стварае электроніку для Ўзброеных сілаў і спецслужбаў. 6 гадоў служыў на дыпламатычнай службе ў Міністэрстве замежных справаў СССР – без падрабязнасцяў.

1991-ы год Лук‘янаў перасядзеў намеснікам дырэктара Эрмітажу, а пазней пайшоў «кантраляваць пытанне адмывання грошай» у «Внешторгбанк» у Пецярбургу і у «Дрэзднер Банк» у Франкфурце-на-Майне. У абодвух банках у кіраўніцтве быў Маціяс Варніг – даўні агент Штазі, сябар Пуціна, а цяпер кіраўнік праекту газаправоду «Паўночная плынь-2».

Таксама ў кіраўніцтва ўваходзіў сын Сяргея Іванова – сакратара Савету Бяспекі і міністра абароны.

Яўгеній Лук‘янаў быў у Саўбезе памочнікам і намеснікам сакратара. Мае імідж антызападніка.

«$ 5 млрд выдалі ЗША на падрыхтоўку Майдану. Цікава, ці дарадцы Абамы паведамлялі яму, што ў выніку гэтых дзеянняў Крым вернецца ў РФ, або што рэйтынг Пуціна пасля гэтага зашкаліць за 80%? Хацелі нам адпомсціць за сірыйскую хімічную зброю, за іранскую ядравую праграму, за спадара Сноўдэна», – заяўляў Лук‘янаў на пасадзе амбасадара ў Рызе.

Лук‘янаў замяніў Дзмітрыя Мезенцава, якога зрабілі дзяржсакратаром так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. А той прыйшоў на замену Міхаілу Бабічу, які рабіў занадта вострыя заявы пра хуткасць інтэграцыі. Але палітыка Крамля застанецца той жа і з Лук’янавым, мяркуе палітолаг Сяргей Нікалюк:

«Беларусь жыве па прынцыпе, які абвесціў Лукашэнка: не вучыце мяне жыць, а дапамажыце матэрыяльна. Галоўнае, што яму трэба ад Расеі – працяг субсідавання беларускай мадэлі. А Расеі трэба інтэграцыйныя поспехі«.

Таму Уладзімір Пуцін і падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, у тым ліку ў крымінальнай справе аб нібыта спробе перавароту і забойства.

«Расея – адна з краінаў, якія ўручылі даверчыя лісты. Але не прысутнічалі, не ўдзельнічалі ва ўручэнні еўрапейскія краіны: Люксембург, Грэцыя і Францыя. Чаму гэта важна? Таму, што Еўразвяз заявіў, што не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам», – патлумачыў «Белсату» Валерый Кавалеўскі, дарадца Святланы Ціханоўскай.

І гэта – адна з мэтаў працоўных візітаў каманды Святланы Ціханоўскай.

«Гэтая палітыка была прынятая ЗША, Брытаніяй, Канадай, Еўразвязам, і іншымі краінамі. І мы кажам пра тое, што краіны, якія прынялі гэтую палітыку, прытрымліваліся яе, каб Лукашэнка не мог заявіць, што яго ўрэшце рэшт прызналі легітымным», – падкрэсліў Валерый Кавалеўскі.

Таму і кампанія дыпламатаў у Яўгенія Лук’янава сёння была зусім не еўрапейская.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».