«Міру не будзе ніколі, пакуль існуе такая грозная імперыя, як Расея». Забіты яшчэ адзін беларус


Зміцер Рубашэўскі загінуў 12-га красавіка ў выніку артылерыйскага абстрэлу ворага на Луганскім кірунку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ганс» ваяваў у 24-й асобнай механізаванай брыгадзе імя князя Данілы Галіцкага. Яму было 30 гадоў, паходзіў з Берасця, а ва Украіну прыехаў ваяваць у 2015 годзе. Там жа пабраўся шлюбам, гадаваў дачку. Ягоныя пабрацімы кажуць, што Зміцер быў сціплым чалавекам, але выдатным байцом – кажа Вадзім Кабанчук, намеснік камандзіра Батальёну імя Кастуся Каліноўскага:

«Зміцер аказаўся вельмі дысцыплінаваным байцом, спецыялістам вайсковай справы. Ён у прынцыпе ў штурмавой роце добраахвотнікаў быў адным з найлепшых, яго паставілі камандзірам узводу, і ягоны баявы шлях быў фактычна няспынны».

Рубашэўскі адзначыўся ў шматлікіх баях падчас вайны на ўсходзе Украіны ў 2015 годзе. Быў узнагароджаны званнем «Народны герой Украіны» за абарону шахты Бутаўка. Зміцер быў тройчы паранены, у траўні 2019 года ў баях страціў вока.

«Ён увесь час праводзіў на фронце. Гэта пазіцыі каля Данецку: шахта Бутаўка, прамзона Аўдзееўка, Зеніт – гэта месцы, дзе ўвесь час адбываліся баі з сепарамі. Тое, як ён сябе праявіў – гэта гераічныя ўчынкі. Ён нават са шпіталяў збягаў», – заявіў Вадзім Кабанчук, намеснік камандзіра Батальёну імя Кастуся Каліноўскага.

Зміцер Рубашэўскі казаў, што адзін з ягоных прапрадзедаў удзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. А адной з прычынаў свайго ўдзелу ў вайне супраць Расеі «Ганс» называў нелюбоў да імперыяў і камунізму.

«Барацьбе з расейскай агрэсіяй, бо яно ў хуткім часе можа нахлынуць на Беларусь і на іншыя краіны. Міру не будзе ніколі, пакуль існуе такая грозная імперыя, як Расея. Уся іх гісторыя – заваяванні, нічога больш яны не ведаюць і жыць па-іншаму яны не ўмеюць. Пакуль яны будуць існаваць, будзе навісаць пагроза і над нашай краінаю», – казаў Зміцер Рубашэўскі ў 2016 годзе.

А іншага гераічнага беларуса ўзнагародзілі званнем «Герой Украіны» пасмяротна – прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб прысваенні такога звання Аляксею Скоблю (пазыўны «Тур») за асабістую мужнасць і гераізм, праяўленыя ў абароне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, вернасць вайсковай прысязе.

«Ён гераічна загінуў, калі ратаваў сваіх саслужыўцаў, паплечнікаў у зброі. Яны трапілі ў засаду, калі рабілі выведку. Ён быў цяжка паранены, застаўся прыкрываць іхны адыход і памёр ад страты крыві. Ён служыў у спецназе і быў прыстаўлены да звання “Герой Украіны”. І сёння ўказам прэзідэнта Украіны стаў 615-м Героем Украіны», – кажа народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка.

Аляксей Скобля – другі беларус, які атрымаў такое званне. Першым быў Міхаіл Жызнеўскі, герой Нябеснай сотні, забіты падчас Рэвалюцыі годнасці ў Кіеве ў дзве тысячы чатырнаццатым годзе. «Тур» быў адным з заснавальнікаў беларускага добраахвотніцкага руху ва Украіне з дзве тысячы чатырнаццатага года. Апошні год ён служыў у Сілах спецыяльных аперацыяў Украіны паводле кантракту.

«Спачатку ён далучыўся да «Правага сектару» – быў добраахвотніцкі корпус «Правага сектару» ва ўкраінскай арміі. Там была створаная тактычная група «Беларусь», у якую ўваходзіла каля трыццаці беларускіх добраахвотнікаў, адным з якіх быў Аляксей Скобля. Далей ён пайшоў служыць ужо непасрэдна ў Збройныя сілы Украіны, заключыў кантракт, атрымаў украінскае грамадзянства», – дадае Ганчарэнка.

Паводле украінскіх законаў, сям’і пасмяротнага Героя Украіны належыць грашовая ўзнагарода памерам каля чатырох з паловаю тысяч долараў. Але ўсё ж галоўнае, што цяпер у словах «Героям слава!» беларусы будуць бачыць яшчэ аднаго абсалютна канкрэтнага чалавека, чый учынак застанецца ў гісторыі.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»