49-ы дзень вайны: прэзідэнты наведваюць Кіеў


Прэзідэнты Польшчы і трох балтыйскіх краінаў з візітам у Кіеве. На парадку дня – вайсковая і палітычная дапамога Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ваеннае падтрыманне – гэта пастаўка Украіне вайсковай тэхнікі, патрэбнай ёй для абароны сваёй тэрыторыі, сваёй свабоды і незалежнасці. Абмінаючы падрабязнасці, бо мы не можам занурвацца ў дэталі, усе краіны, прэзідэнты якіх накіраваліся ў Кіеў, такое падтрыманне здзяйсняюць», – адзначае кіраўнік офісу прэзідэнта Польшчы Павэл Шрот.

Сітуацыя ж ва Украіне застаецца напружанай. Паводле ўсіх замежных выведак, пасля адступлення на кіеўскім кірунку Расея канцэнтруе сілы і тэхніку на тэрыторыі Луганскай і Данецкай вобласцяў. Цягам содняў украінскія войскі адбілі тут шэсць варожых атак, яшчэ часцей Расея абстрэльвае цывільную інфраструктуру і мірных жыхароў. Мясцовыя ўлады просяць людзей эвакуявацца як мага хутчэй.

«Мы і далей займаемся эвакуацыяй. І будзем займацца да апошняга дня, пакуль гэта магчыма. Будзем максімальна вывозіць людзей, бо оркі не будуць выбарачна, як яны кажуць, страляць выключна па вайсковых аб’ектах. Мы разумеем, што гэта брахня», – кажа кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай.

Ніводзін з пяці гуманітарных калідораў не ўзгоднены, адзначае Сяргей Гайдай, па ўсёй Луганскай вобласці расейцы парушаюць рэжым спынення агню. З Папаснай, разбуранай пасля шматлікіх абстрэлаў, таксама просяць эвакуявацца мірных жыхароў. Праз рэгулярныя абстрэлы магчымасць даехаць да гораду штодня ўскладняецца.

Бесперапынна расейскія войскі абстрэльваюць і Харкаў, таму мясцовыя ўлады просяць людзей заставацца ў сховішчах, нават калі не абвешчаная паветраная трывога. Найгарачэйшы пункт Харкаўшчыны – па-ранейшаму Ізюм, кажа кіраўнік вобласці Алег Сынегубаў.

«Мы маем значныя поспехі, на жаль, не пра ўсё можам паведамляць, але маем поспехі на Раганьскім кірунку, на Дэргачыўскім кірунку. Апроч таго, вораг нясе значныя страты на Ізюмскім кірунку – страты ў жывой сіле, страты ў браняванай тэхніцы. Там нашыя збройныя сілы стала вядуць баявыя дзеянні», – падкрэслівае Алег Сынегубаў.

Жыхары прыгарадаў Марыупалю скардзяцца на пагаршэнне самаадчування пасля таго, як расейскія вайскоўцы, імаверна, скарысталі атрутнае рэчыва, паведамляе кіраўнік гораду Вадзім Бойчанка. Сярод сімптомаў – нехарактэрны смак у роце.

«Да гэтага была інфармацыя, што нібыта ў горадзе ёсць нейкія хімічныя лабараторыі, якія распрацоўваюць нейкае хімічнае рэчыва ці зброю. Мы разумеем, што яны сістэмна да гэтага рыхтаваліся – і, на жаль, гэта адбылося», – кажа Вадзім Бойчанка.

Працягваюцца і абстрэлы Марыупалю. Але марскія пехацінцы 36-й брыгады здолелі ўчора вырвацца з аблогі расейскімі войскамі і ўз’яднацца з палком «Азов», паведаміў дарадца Зяленскага Аляксей Арэстовіч. Раней расейскі бок заяўляў, што больш за тысячу ўкраінскіх вайскоўцаў з 36-й брыгады здаліся ў Марыупалі ў палон.

Прапанову Уладзіміра Зяленскага абмяняць на палонных украінскіх вайскоўцаў кума Пуціна Віктара Медведчука Расея адхіліла.

«Медведчук не зʼяўляецца грамадзянінам Расеі. Ён не мае ніякага дачынення да спецыяльнай ваеннай аперацыі. Ён зʼяўляецца замежным палітычным дзеячам. Мы ўвогуле не ведаем ці хоча ён сам нейкага ўдзелу Расеі ў вырашэнні гэтай пасквільнай у дачыненні да яго сітуацыі», – заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

А Дзмітрый Мядзведзеў прыгразіў украінскім уладам, што яны самі могуць апынуцца сярод людзей для абмену.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»