Украіна рыхтуецца абараняцца


Цяпер проста так у госці ва Украіну не з’ездіш – нашыя паўночныя суседзі ўводзяць дадатковыя абмежаванні на сваім баку мяжы, у Ровенскай вобласці. Справа ў тым, што ўкраінцы рыхтуюцца да магчымага ўварвання расейскіх войскаў ды гібрыднай пагрозы ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

Расея сцягнула да межаў з Украінай найбольшую колькасць войскаў з 2014-га года. Найбольшы лагер расейскіх войскаў месціцца пад Варонежам. Сёння туды прыбылі аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр» – гэта балістычныя ракеты, здольныя даляцець да буйных украінскіх гарадоў.

У зоне баявых дзеянняў у Данецкай і Луганскай вобласцях сітуацыя напружаная, адбываюцца перастрэлкі. Сёння былі параненыя 2 украінскіх вайскоўцы, яшчэ адзін загінуў ад гранаты, скінутай з беспілотніка прарасейскіх баевікоў.

«Пуцін рыхтуецца да вайны. Ён хоча пакараць Украіну. Не ведаю, за што», – кажа Сяргей камандзір аддзялення (Узброеныя Сілы Украіны).

У кантраляваныя баевікамі раёны прыязджаюць расейскія прапагандысты і працаўнікі дзяржаўных СМІ, яны распавядаюць пра ваенныя злачынствы ўкраінцаў і падрыхтоўку Кіевам сілавой аперацыі.

«Цяпер па начах страляюць, днём рэдка. Днём закідваюць з беспілотных апаратаў», – распавядае баявік ДНР тэлеканалу «Россия».

Саюзнікі Украіны – дзяржавы Еўразвязу і блоку NATO – выказваюць Кіеву падтрымку і гатовасць дапамагчы, перадусім палітычна, каб спыніць Расею ад агрэсіўных дзеянняў. Але не толькі.

«Злучаныя Штаты Амерыкі цвёрда падтрымліваюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. І гэта асабліва важна ў час, калі мы, на жаль, бачым, як Расея здзяйсняе вельмі правакацыйныя дзеянні, калі справа датычыць Украіны», – заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен на сустрэчы з міністрам замежных справаў Украіны.

«Нарошчванне расейскіх войскаў адбываецца не толькі ўздоўж мяжы Украіны, але і ўздоўж мяжы дэмакратычнага свету», – адказаў яму Дмытро Кулэба.

А на памежжы з Беларуссю – у Ровенскай вобласці – Украіна да канца года ўвяла дадатковыя абмежаванні. Забаронена ездзіць па дарогах, якія не вядуць да пунктаў пропуску, запускаць беспілотнікі без інфармавання памежнікаў, увозіць і вывозіць з памежных раёнаў людзей без дакументаў ды іншае. Перадусім у абарону нацыянальнай бяспекі.

«Гэта ні ў якім разе не несяброўскі крок адносна Беларусі, але падзеі развіваюцца так, што ў ваенным плане Украіна мусіць абараняцца на ўсіх баках. А калі казаць пра Польшчу, Румынію і іншыя краіны, там не адбываецца такіх вайсковых вучэнняў, і там няма прысутнасці расейскіх войскаў на іх тэрыторыі», – тлумачыць кіеўскі палітолаг Алег Саакян.

Расейскія войскі масава прыбываюць у Беларусь у межах падрыхтоўкі да вучэнняў «Захад-2021», якія прадстаўляюць патэнцыйную пагрозу Украіне, заўважае палітолаг:

«Ва Украіне хацелі б бачыць стабільнага прагназаванага суседа-Беларусь. Але, на жаль, ва ўмовах расейска-украінскай вайны гэта ўсё больш складана рабіць. Тым больш, што ўкраінцы каштоўнасна на сёння – на баку беларускага народа. Мы перажылі некалькі рэвалюцыяў, мы ведаем, што такое рэпрэсіі».

Як адзначае адмысловец, афіцыйны Менск капіюе ў Масквы не толькі тэлевізійную прапаганду, але і дзяржаўную палітыку адносна Украіны. І цяпер у Кіеве не бачаць Лукашэнку гарантам нейтральнасці і незалежнасці Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»