Палітычныя суды 13 красавіка


Тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму! Гэта вырак для берасцейца Андрэя Сачанкі за напісаныя і выдаленыя ім жа праз 10 хвілін паведамленні з пагрозамі на адрас міліцыянтаў. А найбольш недарэчны прысуд гэтага дня – штраф выданню «Наша Ніва»! 8 тысяч 700 рублёў за 20 асобнікаў, надрукаваных на звычайнай друкарцы без паліграфічнай ліцэнзіі.

Пашпарт, маска, пітная вада і моцная грамадзянская пазіцыя – тое, што з сабою бяруць беларусы, якія прыходзяць у суды падтрымаць фігурантаў палітычных справаў. Віктар Лосік, затрыманы 6-га снежня, праз чатыры месяцы адказваў у Судзе за пудзіла з фотакарткамі Міністра ўнутраных справаў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастку, а таксама нанясенне бчб-сімвалаў на апорах мосту.

«Выражаць сваю нязгоду з фальсіфікацыяй вынікаў выбараў можна было іншым шляхам і Віктар гэта прызнае. Але гэта абсалютна не значыць, што ён за сабой вёў людзей, каб вас потым павесіць і разадраць», – распавядае Анастасія Лосік, жонка падсуднага.

Віктар – бацька дваіх дзяцей, але для суда больш істотна, што ён чалец ініцыятыўнай групы палітвязня Віктара Бабарыкі, былы валанцёр аб’яднанага штабу ды ініцыятывы «Честные люди», назіральнік на выбарчым участку ў Хацежына.

«Справядлівы, ён за шчырасць. Для яго чырвонае – гэта чырвонае, белае – гэта белае, а чорнае – чорнае. Ніякіх адценняў. Я яго за гэта вельмі паважаю і люблю», – характарызуе мужчыну Ірына Цішкевіч, сястра падсуднага.

У судзе Першамайскага раёну Менску – за ўдзел у масавых беспарадках судзілі маці траіх дзяцей Ганну Сунгураву. Жанчына развозіла па дамах удзельнікаў пратэстаў і беларусаў, якія выйшлі з ізалятару на Акрэсціна. Затрымалі яе 25 верасня. Дагэтуль утрымліваюць у сталічным СІЗА №1. Прамых доказаў вінаватасці суду не прадставілі, што на практыцы не замінае суддзям выносіць каральныя выракі.

«Перахоплівае ажно дыханне. Мне гэтак шмат хочацца сказаць і выказаць, але не мінакам, а тым, хто затрымлівае, хто вядзе гэтыя пратаколы, якія вядуць суды… Няўжо яны не бачаць, што гэта зусім абы што», – адзначае Анжэла, маці абвінавачанай.

У тым жа Следчым ізалятары ўтрымлівалі Аляксея Ліпеня – затрыманага за абразлівыя для міліцыянтаў каментары ў Тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» ды пагрозу стасавання гвалту міліцыянтам. Ператрусы ў маладзёна праводзілі шэсць разоў з мэтаю знайсці зброю, наркотыкі і забароненую сімволіку. Тэхніку арыштавалі. Сёння Суд Заводскага раёну Менску прысудзіў яму пяць гадоў так званай «хіміі» і агулам шэсць тысячаў рублёў спагнанняў.

Асуджаны пасля вызвалення сказаў:

«Я проста каментаваў, сваімі думкамі. Нават УУБ, бачачы ў тых пяці паведамленнях нейкую пагрозу міліцыянтам, нават яны мне сказалі, што ты супрацоўнікаў глыбока абразіў. Я прызнаў, што глыбока абразіў. Але не было ў маіх абразах пагрозаў».

У судзе Ленінскага раёну Берасця працягваецца разгляд справы супраць 10-ці асобаў – за вывешванне пудзілаў, закідванне яйкамі міліцэйскага пастарунку, падпал апонаў на бязлюднай вуліцы і замыканне чыгуначных рэек металічным дротам. Пяцёра фігурантаў – знаходзяцца ў ізалятары.

Неўзабаве ў суд трапіць таксама справа 26-гадовага гамельчука Аляксандра Канеўскага, абвінавачанага ў пагрозах супрацоўнікам АМАПу.

«Так, 27 снежня 2020 года я публікаваў падобныя паведамленні, адносна супрацоўнікаў органаў унутраных справаў», – кажа Аляксандр Канеўскі.

Аляксандр – сын абвінавачанай у масавых беспарадках палітзняволенай Таццяны Канеўскай – актывісткі руху «Маці 328» і даверанай асобы Святланы Ціханоўскай. Учора жанчыну пачалі судзіць у ліку чатырох асобаў. Ужо сем месяцаў яна знаходзіцца пад вартаю.

Юлія Цяльпук, «Белсат»