Вядоўца Рыгор Азаронак стаў пагрозай бяспецы Украіны


Аўтар прапагандысцкіх праектаў на дзяржаўным тэлеканале СТВ Рыгор Азаронак – пагроза нацыянальнай бяспецы Украіны. За сюжэты пра Украіну яго дадалі ў базу цэнтру «Міратворац», што даследуе прыкметы злачынстваў супраць нацыянальнае бяспекі гэтае краіны, міру і бяспекі чалавецтва. Азаронка вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, умяшанні ў справы суверэннай дзяржавы і распаўсюд антыўкраінскай прапаганды.

У студзені медаль за адвагу ў Беларусі, а цяпер згадка ў базе злачынстваў супраць нацыянальнае бяспекі Украіны. У базу цэнтру «Міратворац» дзяржаўны прапагандыст Рыгор Азаронак трапіў за сюжэт, у якім назваў Украіну краінаю жабрацкага народу, які вымірае.

«Яны распрадалі ўсю краіну: зямлю, заводы, парты. Яны ператварылі квітучую краіну ў пірацкі бандэрастан. Вашых дзяцей таварнымі маштабамі прадаюць на органы, а дзяўчат ледзь не афіцыйна пастаўляюць у еўрапейскія бардэлі», – заявіў Рыгор Азаронак у сваёй праграме.

Сёння прапагандыст спрабаваў апраўдацца: «Я звяртаўся да ўкраінскага народу, да простых, нармальных людзей Украіны, якіх я таксама вельмі шмат ведаю, ніякай наагул варожасці да ўкраінцаў, да нашых людзей, як кажа наш прэзідэнт, мы не адчуваем тут. Ну, а што тычыцца палітычнага істэблішменту, прыходзіцца так казаць, таму што незычлівыя крокі заўсёды ідуць з іхнага боку, мы адказваем».

Як пасобнік прарасейскіх тэрарыстаў і расейскіх захопнікаў у базе згадваецца і Аляксандр Лукашэнка. Ён загадаў перадаць Расеі затрыманых летась пад Менскам баевікоў і наймітаў, якія, цытата, «здзяйснялі вайсковыя злачынствы на тэрыторыі Украіны». А ягоны сын Віктар тройчы наведваў акупаваны ўкраінскі Данбас і згадваецца як магчымы пасобнік тэрарыстаў.

За канцэрт у анексаваным Крыме беларускі спявак Макс Корж ня толькі трапіў у базу «Міратворца», але і атрымаў штамп у пашпарце з забаронаю ўезду ва Украіну.

А блогер Сяргей Ціханоўскі трапіў у базу за пранікненне ў Крым і спробы легалізацыі ягонае акупацыі. Тыя, хто памылкова трапіў у базу «Міратворца», могуць запатрабаваць выпраўлення памылкі.

Ігар Станкевіч, «Белсат»