«Па пяцьсот» рублёў маюць крыху больш за палову беларусаў


Крыху больш за палову беларусаў маюць запаветныя «па пяцьсот». Што праўда, не долараў, як абяцалі ўлады, а рублёў… на кожнага сямейніка. Амаль палова беларусаў у месяц жыве за суму 500 рублёў і менш. Гэта вынікае са звестак Белстату пра размеркаванне наяўных рэсурсаў на душу насельніцтва летась.

Паводле статыстыкі больш за чатыры мільёны беларусаў маюць штомесяц у сваім распараджэнні суму, меншую за 500 рублёў, з іх кожны дзясяты мае толькі палову гэтае сумы. І нават не кожны дзясяты можа пахваліцца тым, што на месяц дадае ў гаманец 1000 рублёў або болей.

«Сярэднедушавы даход – гэта ўсё тое, што атрымлівае чалавек праз рознае крыніцы. Гэта не толькі заробак, гэта пенсіі, дапамогі, а таксама натуральны даход, які таксама манетызуецца. І той факт, што 45 адсоткаў маюць даход, меншы за 500 рублёў сведчыць пра тое, што палова насельніцтва жыве побач з зонаю беднасці і галечы», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

На айчынную эканоміку працуюць амаль чатыры з паловаю мільёны грамадзянаў. З якіх прыкладна паўмільёна маюць заробак, меншы за 500 рублёў да выплаты падаткаў.

Сярод лідараў антырэйтынгу – Магілёўская і Віцебская вобласці, дзе доля працаўнікоў з нізкім узроўнем заробку ў некаторых раёнах сягае траціны.

«Калі мы кажам пра сацыяльную арыентацыю, то такі паказнік ніяк не вяжацца з сацыяльна арыентаванай краінай», – працягвае Яраслаў Раманчук.

Не дзіва, што, паводле той жа статыстычнае справаздачы, толькі кожная тысячная беларуская сям’я лічыць сябе заможнай.

Згодна са звесткамі Белстату летась свой фінансавы стан як «нізкі» ці «ніжэйшы за сярэдні» ахарактарызавала кожная пятая хатняя гаспадарка.

Алесь Баразенка, «Белсат»