На форуме апазіцыі ў Маскве затрымалі ўсіх удзельнікаў


Маскоўская паліцыя запоўніла 16 аўтазакаў удзельнікамі Форуму незалежных дэпутатаў, якія з’ехаліся ў сталіцу Расеі з усёй краіны дзеля ўдзелу ў канферэнцыі. «Я не памятаю, каб затрымлівалі ўвесь зал», – зазначыў палітык Уладзімір Кара-Мурза перад затрыманнем.

«У выпадку непадпарадкавання законным патрабаванням паліцыі ў звязку з законам аб паліцыі ў адносінах да вас будзе прымененая фізічная сіла»… У Маскве паліцыя прыйшла на форум незалежных дэпутатаў «Муніцыпальная Расея», у залі знаходзіліся больш за 150 асобаў. Супрацоўнік паліцыі заявіў:

«Вашае мерапрыемства скончанае! Па факце ажыццяўлення дзейнасці незаконнай замежнай арганізацыі, дзейнасць якой непажаданая на тэрыторыі РФ, вы цяпер усе будзеце затрыманыя».

Гэтак і сталася. Частку дэлегатаў затрымалі досыць жорстка, як старшыню муніцы-палітэта Краснасельскага раёну Масквы, Іллю Яшына. Іншых – настойліва прасілі прайсці за супрацоўнікамі. Натоўп скандаваў паліцыі. «Ганьба! Ганьба!» На выхадзе з будынку палітыкаў чакалі 19 аўтазакаў.

«Дзейнасць непажаданай арганізацыі» – гэта артыкул 20.33 КоАП РФ, паводле якога складалі пратаколы супраць дзясяткаў абраных муніцыпальных дэпутатаў з 56-ці рэгіёнаў Расеі. Яны не былі сябрамі нейкай расейскай ці замежнай арганізацыі.

Аднак сам форум праводзіла арганізацыя «Аб’яднаныя дэмакраты», якую расейская дзяржава ў 2017 годзе ўнесла ў спіс непажаданых. Муніцыпальная дэпутатка Анна Шабашнікава пракаментавала:

«Ніякіх парушэнняў заканадаўства пры правядзенні гэтага форума не было. Гэта было зроблена праз тое, што людзі, якія сядзяць ва ўладзе цяпер, баяцца будучых выбараў у Дзяржаўную Думу, якія будуць праходзіць увосень і намагаюцца максімальна запалохаць людзей».

Уладзімір Пуцін, ягонае атачэнне і бізнес – занесеныя ў санкцыйныя спісы краінаў Захаду. Наперадзе – прыняцце чарговага пакету абмежаванняў – за парушэнне правоў чалавека і перадусім пераслед апазіцыянера і палітвязня Аляксея Навальнага.

«Палітычна матываваныя вонкавыя абмежаванні ў эканоміцы пабуджаюць нас дэманстраваць здольнасць адстойваць нашыя нацыянальныя інтарэсы».

Бараніць свае інтарэсы даводзіцца на фоне рэкорднага падзення рэйтынгу кіроўнай партыі «Едзіная Россія» – да 27-і адсоткаў паводле «Левада-Цэнтру».

Да выбараў у Дзярждуму, з якімі апазіцыя і звязвае сённяшнія масавыя затрыманні засталося каля паўгода.

Юлія Цяльпук, «Белсат»