У канцы сакавіка ў Беларусі пачнецца масавая вакцынацыя ад COVID-19


У Беларусі завяршаецца першы этап вакцынацыі супраць каронавіруса. Найперш прышчэпкі атрымалі тыя, хто на перадавой вядзе барацьбу з COVID-19: медычныя работнікі і дактары.

Згодна з афіцыйнымі звесткамі, папярэдне на вакцынацыю ў сталіцы запісаліся больш за дзве тысячы дзвесце медычных работнікаў, яшчэ на дзве сотні больш – у Менскай вобласці. Сёння прайшлі вакцынацыю медыкі Віцебскай, Гомельскай, Гарадзенскай абласцей і Менску. У шэрагу тых, хто мусіць атрымаць прышчэпку наступным, – працаўнікі адукацыйных установаў, гандлю і сацыяльных службаў, праца якіх звязаная з камунікаваннем з людзьмі. Масавая вакцынацыя ў Беларусі мае распачацца пры канцы сакавіка. Праўда, «жывы» запіс пакуль ажыццяўляюць не ўсе раённыя медычныя ўстановы.

«Мы цяпер прышчэпліваем толькі тых пацыентаў, якія медыкі, хто першыя прышчапіліся, цяпер робім рэвакцынацыю. Наконт запісу я нічога не чула такога. Я сама раблю гэтыя прышчэпкі, але наконт запісу нам нічога не паведамлялі», – заявілі ў адной з менскіх паліклінік.

На сайтах шэрагу медычных установаў праводзяць апытанне пра намер зрабіць прышчэпкі.

«Гэта яшчэ не ўсвядомлена і не выпрабавана ні на кім. Сэнс? Не хочацца пакуль. Паглядзім, хто прышчэпіцца, што з імі станецца. Пасля, магчыма».

«Я неяк не люблю, не веру ў гэта, разумееце. Мне падаецца, што не дапаможа. Таму трэба неяк… часнычок, цыбулька – я за гэта».

«Я ўжо падпісаўся: і жонку сваю, і сябе».

Хоць дазволеныя да выкарыстання каля дзясятка вакцынаў супраць COVID-19 і яшчэ амаль дзве сотні – у распрацоўванні, беларусам пакуль будзе даступная расейская вакцына «Спутнік V». Як і астатнія, ва ўмовах пандэміі гэтая вакцына прайшла фазы даследавання ў скарочаныя тэрміны.

«Калі казаць пра распрацоўванне новых вакцынаў, то адзін год для вакцыны – гэта minimum minimorum. Самая дапушчальна магчымая колькасць часу, неабходная для таго, каб прайшлі ўсе фазы выпрабавання вакцынаў. На самай справе найлепш – два, тры, пяць гадоў», – тлумачыць прафесарка і доктар медычных навук, загадчыца аддела рэспіпаторных і іншых вірусных інфекцый Інстытуту эпідэміялогіі і інфекцыйных захворванняў Нацыянальнай акадэміі медычных навук Украіны Ала Міраненка.

Мы запыталі мінакоў на вуліцах Менску, якой вакцыне яны давяраюць больш.

«Расейская, больш добрых водгукаў пра яе».

«Папраўдзе кажучы, не ведаю. Падаецца, усё адно і тое ж будзе».

«Па тым, як кажуць, больш расейскай давяраю. Не ўсё замежнае добрае».

У Расеі маштабнае вакцынаванне распачалі яшчэ летась на пачатку снежня. Нашая маскоўская калега Марыя Макарава пастанавіла прышчапіцца добраахвотна ды ўхваляе, якім чынам арганізаваны гэты працэс.

«Пасля першай дозы вакцыны ў мяне былі моцныя пабочныя з’явы: была моцная азноба праз шэсць гадзін пасля вакцынацыі і тэмпература падскочыла да 39.1, затым знізілася да 38.6. І трымалася агулам содні. На працягу першых содняў не атрымоўвалася яе збіць. На другія атрымалася, і я вярнулася да працы», – дзеліцца ўражаннямі Марыя Макарава, журналістка «Белсат» у Маскве.

Пра магчымыя рэакцыі папярэджваюць загадзя. Як і пра абмежаванні, пры якіх вакцынаванне немагчымае: інфекцыйныя захворванні, абвастрэнне хранічных, цяжарнасць і кармленне грудзьмі, узрост да 18 гадоў. Было абмежаванне і для сталых людзей. Але Міністэрства аховы здароўя ўхваліла выкарыстанне вакцыны «Спутнік V» для асобаў, якія маюць 60 і больш гадоў.

«Усе вакцыны, усе, што тычацца вакцынаў супраць грыпу, супраць каронавіруса, для людзей 65+ прыводзяць да выпрацоўвання меншага ўзроўню антыцелаў і ў меншай колькасці людзей праз спецыфіку імуннае сістэмы ў гэтым узросце», – падкрэслівае Ала Міраненка.

Не бяруцца казаць адмыслоўцы наконт працягласці абароны ад каронавіруса пасля прышчэпкі. Гэта звязана з адсутнасцю доўгатэрміновых, грунтоўных даследаванняў.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»