Місія АДКБ у Казахстане скончылася


Беларускія вайскоўцы вяртаюцца дадому з Казахстану. Афіцыйна казахстанская місія кантынгенту Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі выкананая. Але на адмысловай відэа-нарадзе Савету міністраў абароны АДКБ Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь гатовая паўтарыць удзел сваіх вайскоўцаў у замежных місіях.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Казахстан пакінулі першыя расейскія вайскоўцы кантынгенту АДКБ – яны вылецелі з Алматы. Афіцыйна ў Казахстане каля 2 тысяч вайскоўцаў кантынгенту, які мусіць вярнуцца дадому да наступнай серады.

«Заўтра 14 бартамі вывозім усе сілы нашых калегаў: Арменія, Таджыкістан, Беларусь. Кыргызскія калегі, з улікам таго, што яны побач, выходзяць сваім ходам», – рапартаваў сёння Уладзіміру Пуціну міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу.

У Арганізацыю дамовы калектыўнай бяспекі ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Расея. Гэта першая ваенная аперацыя альянсу, але магчыма, што не апошняя.

«За кароткі прамежак часу вы змаглі гарантаваць бяспеку грамадзянаў, аказаць дапамогу ў стабілізацыі абстаноўкі і забяспечыць бесперабойнасць працы жыццёва важных аб’ектаў», – заявіў на ўрачыстым парадзе АДКБ камандуючы Кантынгенту ў Казахстане Андрэй Сердзюкоў.

Вайскоўцы са 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады Сілаў спецаперацыяў у Казахстане афіцыйна ахоўвалі аэрадром і артылерыйскія склады.

«Кантынгент АДКБ не браў непасрэднага ўдзелу ў контртэрарыстычнай аперацыі, ён быў задзеяны на ахове стратэгічных абʼектаў», – кажа Ерлан Карын, ад 5 студзеня – дзяржаўны сакратар Казахстану.

Міратворцы ў Казахстане.
Фота: Прэс-служба Міністэрства абароны РФ

Сёння прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў па тэлефоне падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ваенную дапамогу ў час, калі ягоныя вайскоўцы былі занятыя. Раней Такаеў заяўляў, што на Казахстан напалі 20 тысяч тэрарыстаў, якіх трэба знішчаць.

«Казахстан сутыкнуўся з міжнароднай агрэсіяй тэрарызму», – перакананы Ерлан Карын.

Колькі грамадзянаў загінула ў выніку сутыкненняў і ўжывання зброі, кіраўніцтва дзяржавы не паведамляе. Затрыманыя больш за 10 тысячаў чалавек, сярод якіх журналісты, якія асвятлялі падзеі.

«Яшчэ ніводнага тэрарыста не паказалі народу. Нікому. Міжнароднай грамадскасці не паказалі. Дзе яны, дзясяткі тысяч тэрарыстаў?» – пытае Балатбек Булгакбаеў, былы палкоўнік КНБ Казахстану.

Крызіс у Казахстане разгарэўся 2-га студзеня пасля мірных пратэстаў супраць двухкратнага падаражэння аўтамабільнага паліва – прапан-бутану. Частка сілавікоў адмовілася разганяць мітынгі, але потым адбыліся ўзброеныя сутычкі, акты марадзёрства і перастрэлкі.

«Гэта было, як вайна. Але я проста не ўяўляю, ні адкуль узяліся гэтыя людзі, ні каму трэба было дэстабілізаваць Казахстан», – кажа жыхарка Алматы Дынара.

Цяпер Касым-Жамарт Такаеў прапаноўвае перагарнуць старонку гісторыі, навесці парадак у пацярпелых гарадах і правесці рэформы на аснове канструктыўнага дыялогу між грамадскасцю і экспертамі.

«У нас у кожнага алігарха, у кожнага вялікага “агашкі” (аўтарытэтнага, уплывовага чалавека) ёсць свае нейкія падраздзяленні, секьюріці, служба бяспекі, асабістая ахова… Проста грошы плацілі людзям і казалі: ідзіце баламуцьце. Чым больш бардака, тым лепш», – тлумачыць логіку падзеяў Балатбек Булгакбаеў.

За гэтыя некалькі дзён пры падтрыманні ўладаў Расеі, Беларусі і іншых чальцоў АДКБ Касым-Жамарт Такаеў змясціў першага прэзідэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева з пасады старшыні Савету бяспекі, адправіў у адстаўку ўрад і замяніў кіраўніцтва сілавых структураў. Самога Назарбаева не бачылі з 28-га снежня. Згадкі пра былога лідара знікаюць з афіцыйнай медыя-прасторы.

Сёння ж Камітэт нацыянальнай бяспекі Казахстану паведаміў аб дасудовым расследаванні справы аб дзяржаўнай здрадзе свайго былога старшыні Карыма Масімава, блізкага да Назарбаева. Таксама затрыманыя былы намеснік старшыні КНБ Даўлет Яргожын і Ануар Садыкулаў – камандзір спецназу КНБ.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».