Інфляцыя пабіла рэкорды

Летась у Беларусі адзначаны адзін з самых высокіх паказнікаў інфляцыі за апошнія 5 гадоў – 10 адсоткаў. Найбольш адчувалі гэта беларусы праз рост цэнаў на харчовыя тавары, які склаў паводле афіцыйных звестак 11,4 адсоткі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Свежыя агуркі, памідоры, капуста і салодкі перац – прадукты, на якія кошты за апошні месяц 2021 года павысіліся, паводле звестак Белстату, – нягледзячы на, здавалася б, іх сезонную даступнасць. Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі, звязвае гэта найперш з:

«Імпартная палітыка Міністэрства сельскай гаспадаркі трошкі кульгае. Я б на месцы прэзідэнта дакладна б разабраўся з гэтымі хітрымі асобамі, якія ў большай ступені працуюць за мяжу. Бо міністэрству выгадней завезці прадукцыю з-за мяжы, чым вырасціць сваю».

Агулам летась менавіта харчовыя тавары мелі найбольш заўважны рост цэнаў. Што цікава, сельскагаспадарчыя, вытворчасцю якіх любіць хваліцца Лукашэнка. Гэтак падаражэлі: буракі (+ 72,28 %), бульба (+ 66,15 %), морква (+ 50,44 %), цыбуля (+ 46,71 %). Свежая белакачанная капуста стала каштаваць амаль у 1,8 разу больш (+ 280 %). На 15 адсоткаў падаражэлі мясныя прадукты і амаль на 7 – малочныя. На думку эканаміста Льва Марголіна, адна з прычынаў:

«Павышэнне коштаў на нафтапрадукты. У нас жа бензін, дызельнае паліва ўдзельнічае ў тавараабарачэнні на кожным этапе: калі вязем прадукцыю з палёў, калі перапрацоўваем і вязем ад пераапрацоўшчыка ў краму».

Паводле эксперткі Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасіі Лузгіной, уплываў на кошты няхай невялікі, але рост заробкаў, які закладаецца ў сабекошт прадукцыі. А таксама:

«Імпартныя маглі быць складнікі, цэны на якія падскочылі заўважна. Тыя ж угнаенні, корм, які мы закупаем звонку. Гэта таксама адбівалася на цэнах».

Падаражэлі летась і будаўнічыя тавары, паслугі карыстання ліфтам.

Назіралася і некаторае зніжэнне коштаў на яблыкі, цытрусавыя, салодкі перац, мясныя кансервы і цукар. Ды паслугі страхавання легкавога транспарту. Аднак агулам інфляцыя летась мела самы высокі паказчык за апошнія 5 гадоў – 9,97%, удвая перавысіўшы першапачатковыя прагнозы ўладаў.

«Кожны год улады павышаюць цэны на камунальныя паслугі, не быў выключэннем і мінулы год. Па-другое, з 1 ліпеня быў падвышаны падатак на дададзеную вартасць на прадукты харчавання і на некаторыя іншыя прадметы», – падкрэслівае Леў Марголін.

З вонкавых чыннікаў на інфляцыю паўплывала ажыўленне замежнага гандлю, што прывяло да хуткіх тэмпаў росту коштаў. У гэтым годзе на міжнародных рынках прагназуецца іх замаруджванне, што знізіць ціск на цэны ў Беларусі. Але для нашай краіны застаецца высокім інфляцыйны патэнцыял, які звязаны не толькі з рэгуляваннем коштаў.

«Да ўсіх тых праблемаў, што мы мелі сёлета, дадасца яшчэ і такі чыннік, як неабходнасць шукаць нейкія абходныя шляхі ці іншых пастаўшчыкоў. А іншыя пастаўшчыкі, яны паводле азначэння больш дарагія», – мяркуе эканаміст.

Ад панядзелка, 17 студзеня, і да 17-га ліпеня будуць дзеяць зніжкі ў 10 адсоткаў на сацыяльна значныя тавары для пенсіянераў, шматдзетных семʼяў і малазабяспечаных грамадзянаў у некаторых сетках крамаў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама