Каго, урэшце, зацягне вір рэпрэсіяў?


Яшчэ 10 содняў штрафнога ізалятару атрымаў палітвязень Ігар Банцэр. Стала вядома пра яшчэ адну галадоўку ў камеры на Акрэсціна. Вярхоўны Суд зліквідаваў грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэнне». Тры гады «хіміі» атрымаў палітвязень Кірыл Волах – за фота пратэстаў ад 9 жніўня 2020 года. Гэтая хроніка рэпрэсіяў не мае канца і краю. Тым часам лукашысты абяцаюць не спыняцца. Тэму працягне Валера Руселік.

Крымінальныя справы супраць удзельнікаў пратэстаў усчынаюцца літаральна штодня, і пра фініш для гэтага канвееру гаварыць заўчасна. Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара, выступаючы з дакладам перад Лукашэнкам, запэўніў апошняга, што аніводзін з грамадзянаў, якія выступілі супраць дыктатара, не абміне пакарання.

«Следчы камітэт гатовы да выканання якіх заўгодна задачаў у межах закону, у межах інтарэсаў дзяржавы. І не будзе аніякіх ваганняў, не будзе аніякіх сумневаў. Мы будзем рабіць усё на карысць дзяржавы, і людзі да гэтага гатовыя», – адзначыў Дзмітрый Гара.

Між тым бясконца рэпрэсаваць цэлы народ, нязгодны з узурпатарам, не атрымаецца, упэўнены праваабаронца і кіраўнік фонду салідарнасці «BySol» Андрэй Стрыжак.

«Чым больш улада будзе нагнятаць гэтую гісторыю, тым менш шанцаў у Беларусі ўвайсці ў нейкі мірны, спакойны фармат. У прынцыпе, гэта самазабойчая тактыка, самазабойчая стратэгія, якую абрала беларуская ўлада. Бо беларуская ўлада найбольш зацікаўленая ў тым, каб людзі перасталі пратэставаць, людзі перасталі ўдзельнічаць у пратэстах у рознай форме», – тлумачыць Стрыжак.

І пагатоў насамрэч незадаволенасць расце з абодвух бакоў барыкадаў, дадае дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Паводле эксперта, калі Лукашэнка расправіцца з асноўнымі апанентамі, то возьмецца за «сваіх» і, у прыватнасці, пачне арыштоўваць чыноўнікаў ды іхных дзяцей.

«Нават тыя чыноўнікі, якія раней былі лаяльныя, яшчэ год таму назад служылі і выказвалі сваю павагу Лукашэнку, зараз вельмі перажываюць. Многія згубілі крыніцы прыбыткаў, у многіх зараз ёсць фрустрацыя і адчай. Я думаю, што наступная хваля пратэстаў і неспакою пачнецца менавіта з расколу ўнутры самой сістэмы», – кажа Вячорка.

А таму колькі б пагрозаў ні лілося з афіцыйных медыяў і колькі б ні лютавалі верныя дыктатару сілавікі, варта памятаць, што самая цёмная ноч – перад світанкам.

Валера Руселік, Белсат