Год без Рамана Бандарэнкі


Як адзін дзень, мінуў год… без Рамана Бандарэнкі – сына Беларусі, жыхара аднаго з дамоў сталічнага падворку, званага летась Плошчаю Пераменаў. Рамана выкралі, збілі на смерць, потым – спрабавалі ачарніць ягоную постаць. Аднак маладзён быў і застаецца адным з сімвалаў супраціву. Змянілася жыццё сям’і Рамана Бандарэнкі, але зменаў няма ў пошуку ягоных забойцаў.

Я выходжу… Усеагульная акцыя памяці героя Новай Беларусі ў адзін час адбываецца ў розных краінах свету. Праз год… забойства Рамана Бандарэнкі не забываюць і не даруюць.

Наталля, удзельніца акцыі памяці Рамана Бандарэнкі:

«У мяне, як у маці дваіх сыноў, баліць сэрца, бо Раман быў добрым, шчырым, выдатным хлопцам. Навучаўся разам з маім сынам».

Унутры Беларусі Рамана ўзгадваюць асцярожна. За публічныя праявы салідарнасці палітычная сістэма пагражае адказнасцю. Сястра Рамана Вольга Кучарэнка распавяла, як пройдзе гадавіна смерці брата, сына, унука.

«Зʼездзіць на магілку з роднымі і пасля гэтага проста разам сабрацца, памянуць Рому».

З Раманам Бандарэнкам мянчук, якога таксама клічуць Раман, пазнаёміўся і пасябраваў уласна ў Менскім дворыку, званым Плошчаю Пераменаў.

«Раман быў такі рознабаковы чалавек. Я не раз бачыў, як у мячык (гуляўся – заўв. Рэд.) Навучаў дзяцей маляванню. Тады там была яшчэ мая жонка. А жонка – парыкмахер. Яна ім заплятала ў косы стужачкі ўсялякія», – распавёў знаёмы забітага.

Юлія бачыла Рамана Бандарэнку 11 лістапада ў першай палове дня. Ён збіраў рэчы на перадачу для ейнага мужа, які адбываў содні. Увечары таго дня Юлія пабачыла ў дваровым чаце заклік выйсці на абарону бчб-стужак, якія зразалі невядомыя.

«Не было ў гэтым чаце інфармацыі, прынамсі я не бачыла, што Рома выходзіць. Іншыя кажуць, што ён напісаў непасрэдна сваім сябрам «я выходжу, выходзьце таксама», – узгадала Юлія.

Неўзабаве ў чат трапілі дзясяткі відэа з бойкаю ў двары. Людзі ў цывільным і балаклавах накінуліся на Рамана, збілі і забралі з сабою. Як аказалася пазней – у РАУС Цэнтральнага раёну Менску. Адтуль Рома трапіў у рэанімацыю, дзе і памёр 12-га лістапада.

Раман зрабіўся нацыянальным героем і прычынаю ўсурʼёз размаўляць пра заходнія санкцыі. Для беларускага рэжыму – падставаю для завядзення першай крымінальнай справы ў дачыненні пацярпелага апазіцыянера.

«А гэты ці то траўмаваны быў, канешне яго ўзялі і павезлі ў гэты аддзел. Яму зрабілася блага па дарозе, гэта як мне далажылі», – распавядаў Лукашэнка журналістам 13-га лістапада.

Прапаганда спрабавала ачарніць Рамана закідамі, што той быў пʼяны. Лекара, які сведчыў пра адваротнае і журналістку, якая гэта апублікавала – кінулі на краты. Замест зрухаў у следстве, крымінальную справу прыпынілі.

«Мы пастаянна сутыкаемся з нейкімі перашкодамі, як быццам яны не хочуць нам садзейнічаць і не зацікаўленыя ў тым, каб справа расследавалася і былі знойдзеныя злачынцы. Бо мы ўвогуле не ў курсе, ці ёсць у іх падазраваныя», – развяла рукамі сястра забітага, Вольга.

Ініцыятыва сілавікоў BYPOL, абапіраючыся на злівы кіберпартызанаў, праслухоўванне сотавай сувязі і іншыя звесткі, прыйшла да высновы, што Бандарэнку забілі байцы СОБРу пад арганізацыяй Наталля Эйсмант і Дзмітрыя Баскава. Жыццё гэтых людзей засталося ранейшым. Жыццё тых, хто выходзіў супраць іхнага клану – моцна змянілася. Вадзім Дзмітранок – палітуцякач, якога схапілі пад час зачысткі Плошчы Пераменаў летась 15 лістапада.

«Я пабываў у месцах, у якіх здавалася б усе тыя хто знаходзяцца, быць не павінныя – ні паводле перакананняў, ні паводле іншых крытэраў. Але яны на жаль там і гэтае пытанне мяне вельмі турбуе, таму што там засталася вялікая колькасць крайне годных людзей, у тым ліку маладых».

Узгадваючы сёння пра Рамана Бандарэнку, беларусы свету патрабавалі таксама вызвалення ўсіх зняволеных паводле палітычных прычынаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»