Беларусь застанецца без нацыянальнай авіякампаніі


З сённяшняга дня «Белавія» ня будзе браць на рэйсы з Турцыі ў Менск грамадзянаў Іраку, Сірыі і Емену. Пра гэта авіякампанія паведаміла на афіцыйным сайце. Аналагічнае рашэнне днём раней прынялі і «Turkish Airlines». Падставаю стала рашэнне ўладаў Турцыі. Сёння ж Ірак спыніў прамую авіясувязь з Беларуссю.

У лагеры блізу беларуска-польскай мяжы курд спрабуе распаліць вогнішча сваім пашпартам. Цяпер тут каля трох тысячаў чалавек. Большасць з іх – грамадзяне Іраку.

Сёння «Белавія» адмовілася перавозіць з Турцыі ў Менск грамадзянаў Іраку, Сірыі ды Емену. Учора тое ж самае зрабіла турэцкая авіякампанія. Перавозцы пайшлі на гэты крок на фоне пагрозы санкцыяў і вялікіх штрафаў за датычнасць ды трафіку мігрантаў на межы Еўразвязу.

«У еўрапейскіх краінаў на фоне таго, што цяпер адбываецца на мяжы, ёсць намер увядзення такіх санкцыяў. Любая авіякампанія ад «Turkish Airlines» да «Белавія» яны апасаюцца гэтых сум, бо яны даволі буйныя. Таму лягчэй для авіякампаній адмовіцца ад такіх рэйсаў, чым рызыкаваць быць аштрафаванымі ці трапіць пад санкцыі», – мяркуе авіяэксперт Андрэй Гук.

Паводле даследавання «Deutsche Welle», большасць тых, хто імкнецца праз Беларусь трапіць у Еўразвяз, – грамадзяне Іраку. Раней яны прыляталі ў Менск з Багдаду. А калі пад ціскам Еўразвязу Ірак адмяніў гэтыя рэйсы, міграцыйныя шляхі праляглі праз Стамбул, Дубай ды Бэйрут. Цяпер курды вядуць перамовы пра эвакуацыю суайчыннікаў.

«Апошняя інфармацыя, якой я валодаю: гэтыя мігранты – не толькі курды, яны ў цэлым з Іраку. Міністэрства ўнутраных справаў Курдыстану вядзе перамовы з Багдадам пра тое, каб падрыхтаваць да адпраўкі туды самалёт і вярнуць тых, хто згодны. Шмат хто, відаць, і хоча вярнуцца, але апынуўся ў такой сітуацыі, што не можа вярнуцца», – заявіў прадстаўнік Дэмакратычнай партыі Курдыстану ў Расеі Хашаўы Бябякыр.

Апроч іракцаў у Беларусь трапляюць грамадзяне Сірыі, Афганістану, Турцыі ды Ірану. Штотыдзень іх дастаўляюць у Менск каля шасцідзесяці рэйсаў з васьмі гарадоў Блізкага Усходу. Сярод авіякампаніяў, датычных ды транспартавання так званых турыстаў, называюць«Белавія», «Fly Dubai», Турэцкія і Катарскія авіялініі, сірыйскія «Cham Wings», а таксама трох расейскіх перавозцаў, у тым ліку «Аэрафлот».

«Трэба разумець, што такое ўвядзенне санкцый супраць гэтых кампаній, калі пад іх падпадае «Белавія», якая больш не лятае ў Еўразвяз, гэта азначае канец гэтай кампаніі. Хаця кіраўнік «Белавіі» пасля папярэдніх санкцыяў заявіў, што «мы нікога не скарачаем», але тады давядзецца скарачаць усю кампанію. Таму што ёй не будзе куды лятаць», – упэўнены кіраўнік «Сreative Politics Hub» Мікалай Халезін.

«Аэрафлот» і расейскія ўлады абвяргаюць абвінавачванні, аднак на фоне інфармацыі аб санкцыях акцыі кампаніі ўпалі больш як на 2 адсоткі.

Антон Каменскі, «Белсат»