Мілітарызм Лукашэнкі: чаго чакаць?


Падумайце, ці хочаце вы прымаць сотні і тысячы трупаў у поліэтыленавых пакетах. Валер Сахашчык звярнуўся да беларускіх вайскоўцаў праз пагрозу дасылання беларусаў на вайну супраць Украіну. А Святлана Ціханоўская – у Бруселі, дзе сустрэлася са старшынёй Еўрапейскага Парламенту Рабэртай Мэтсаля. Палітыкі абмяркоўвалі, як на далейшае беззаконне Лукашэнкі можа адказаць дэмакратычны свет?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнка пагражае Украіне і Захаду. І заяўляе пра стварэнне ў Беларусі супольнай з Расеяй вайсковай групоўкі. Захад можа ўдарыць па нашай краіне ядравай зброяй – страшыць кіраўніцтва КДБ. Агрэсіўныя словы і дзеянні менскага рэжыму абмяркоўваліся падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з дэпутатамі Еўрапарламенту.

«Еўразвяз павінен заступіцца за Беларусь. Беларусь цяпер на мяжы страты суверэнітэту. Еўразвяз ужо цяпер мусіць сказаць, што любая спроба эскалаваць сітуацыю ці пачаць атакаваць Украіну будуць дорага каштаваць рэжыму Лукашэнкі», – заявіла ў інтэрв’ю «Белсату» Святлана Ціханоўская.

Кіраўніцтва NATO на пагрозы Лукашэнкі пакуль рэагуе стрымана і абмяжоўваецца дэкларатыўнымі заявамі.

«Мы бачылі, што Беларусь выкарыстоўваецца як плацдарм для запуску ракетаў, паветраных атак супраць Украіны, і Лукашэнка мае спыніць падтрыманне вайсковых намаганняў Расеі», – сказаў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

У беларускім дэмакратычным асяродку сур’ёзна асцерагаюцца, што нашую краіну непасрэдна ўцягнуць вайну. Іншы прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету Валерый Сахашчык у сваім звароце прадказвае катастрафічныя наступствы, калі беларускі рэжым прыме такое рашэнне.

«Украіна ніколі не пагражала Беларусі і не пагражае цяпер. Украіна паказвае фенаменальную вытрымку і ні разу не адказала на ракеты і беспілотнікі, што ляцяць з тэрыторыі Беларусі. Бо першыя ж забітыя і параненыя беларусы – а гэта непазбежна пры такім адказе – пасвараць нашыя народы на дзесяцігоддзі», – сказаў Валерый Сахашчык.

Адметна, што з украінскіх палітычных колаў пачалі гучаць заявы пра неабходнасць супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Так, Аляксей Арэстовіч, дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта, адзначыў, што неразумна вінаваціць усіх беларусаў у суўдзеле ў агрэсіі.

«Беларусы ў такой самай сітуацыі, як і нашыя на акупаваных тэрыторыях. Вы ж не заклікаеце нашых да масавага паўстання, разумеючы, што гэта немагчыма для звычайнага чалавека – змагацца на акупаваных тэрыторыях. Таму яшчэ раз кажу: беларускае пытанне – адна з галоўных нашых памылак цягам гэтае вайны», – мяркуе Аляксей Арастовіч.

Паводле сацыялагічных даследаванняў, амаль палова беларусаў лічыць, што ў выпадку сутыкнення з Украінай беларускае войска мае скласці зброю.

«Калі казаць пра вайну, то мы рабілі даследаванне ў жніўні. І трэнд захоўваўся той самы, што і ад пачатку вайны. Беларусы ў пераважнай большасці негатыўна ставяцца да таго, што робіць расейская армія на тэрыторыі Украіны», – кажа Рыгор Астапеня, кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» Chatham House.

Уступленне ў непапулярную сярод беларусаў вайну нясе сурʼёзныя рызыкі для рэжыму Лукашэнкі. І ён гэта разумее – мяркуе еўрадэпутат Андрус Кубілюс.

«Я не ведаю, колькі яшчэ засталося рацыянальнага розуму ў Лукашэнкі, але звязвацца з Пуціным, які прайграе не толькі Украіне, але і ўсяму дэмакратычнаму свету, – было б трагічнай памылкай для самога Лукашэнкі».

Ёсць і іншыя меркаванні. Так, паводле заснавальніка «Белага легіёну» Сяргея Бульбы, беларускае войска можа ўступіць у вайну ў другой палове лістапада.

Валянцін Васіленка, «Белсат»