Тэрор супраць журналістаў


У ноч на 12-га кастрычніка скончыўся 10-дзённы тэрмін затрымання журналіста «Комсомольской правды в Беларусі» Генадзя Мажэйкі, аднак на волю Мажэйка так і не выйшаў.

Генадзя Мажэйку вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Распальванне сацыяльнай варожасці» і «Абраза прадстаўніка ўлады». Пра гэта паведамляе сайт kp.ru. Максімальнае пакаранне – 12 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле галоўнага рэдактара расейскай «Комсомольской правды» Уладзіміра Сунгоркіна, рашэнне следчыя прынялі літаральна за апошнія гадзіны, калі ўсе працэсуальныя тэрміны канчаліся:

«Нельга выстаўляць такія сур’ёзныя абвінавачанні за тры сказы, якія журналіст напісаў са словаў суразмоўцы. Мы будзем выступаць у судзе, калі гэта будзе магчыма, нашыя юрысты будуць працаваць, будзем пісаць пра гэта, рабіць усё, што можна», – кажа Уладзімір Сунгоркін.

Абвінавачанні на адрас Мажэйкі Сунгоркін назваў абсурднымі і нагадаў, што затрыманне журналіста не засталося незаўважаным у Крамлі.

«Максімум што будзе – гэта кулуарная размова Лукашэнкі і Пуціна, дзе Пуцін папросіць Лукашэнку – папросіць! – быць мякчэй з Мажэйкам. Адпусціць ці хаця бы не біць яго. І тое, я не ўпэўнены, што гэта здарыцца, бо Мажэйка сядзіць не першы дзень, а воз і цяпер там жа», – кажа вядомы расейскі журналіст Мікалай Сванідзэ.

Генадзя Мажэйку сілавікі затрымалі ў ноч на 2-га кастрычніка. Падставаю сталася публікацыя 28-га верасня на сайце «Комсомольской правды» артыкулу, у якім былая аднакласніца станоўча выказваецца пра асобу праграміста Андрэя Зельцара, які застрэліў супрацоўніка КДБ і быў забіты сілавікамі. Артыкул Мажэйкі быў даступны на сайце нядоўга, але нават гэта выклікала незадаволенасць уладаў. На наступную раніцу сайт «Комсомольской правды» заблакавалі, а папяровая газета знікла з усіх пунктаў распаўсюду. Праз некалькі дзён беларуская рэдакцыя на рашэнне маскоўскага офісу спыніла сваю працу – пасля амаль 27-мі гадоў існавання.

«Пасля аналізу падзеяў мінулага года і асабліва мінулага тыдня «Комсомольская правда» пастанавіла закрыць сваё прадстаўніцтва ў Менску ЗАТ «БелКП-Прэс». Усім работнікам выплацяць грашовую кампенсацыю ці прапануюць працу на іншых прадпрыемствах «КП», – гаворыцца ў афіцыйная заяве кампаніі.

Генадзь Мажэйка не першы журналіст, якога ўлады вінавацяць у «распальванні сацыяльнай варожасці». Днямі падобныя абвінавачанні выставілі шэрагу супрацоўнікаў парталу «TUT.by».

Агулам пасля трагедыі на Якубоўскага ўлады пачалі сапраўдную зачыстку інфармацыйнай прасторы: акрамя арышту Мажэйкі і блакавання сайту «Комсомолки», за негатыўная каментары на адрас застрэленага кадэбіста былі затрыманыя больш за дзвесце асобаў, а супраць Марыі Успенскай, удавы Андрэя Зельцара і галоўнай сведкі здарэння, завялі крымінальную справу за «суўдзел у забойстве». Ёй пагражае да 25-ці гадоў зняволення.

«Пад час яе знаходжання на Акрэсціна, на мінулым тыдні мы даведаліся, што супраць яе выкарыстоўваліся катаванні холадам. Я, як праваабаронца, магу трактаваць гэта толькі так. У яе было адабрана верхняе аддзене і ў той камеры, дзе яна знаходзілася было адключанае ацяпленне. Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарцы.На сённяшні дзень уся інфармацыя наконт таго ці ёсць у яе сталы кантакт са сваякамі і адвакатам. Чакаем пакуль прыйдзе хоць нейкая вестачка пра гэта», – кажа сузаснавальнік фонду By_Sol Андрэй Стрыжак.

Цяпер Генадзь Мажэйка ў жодзінскім СІЗА. Нібыта з прычыны ковід-каранціну да яго не пускаюць адвакатаў, не прымаюць перадачаў. На заўтра запланавалі закрыты разгляд скаргі абароны журналіста на ягонае затрыманне.

Алесь Баразенка, «Белсат»