11 фігурантаў «справы «Белгазпрамбанку» на волі


Вызваленыя пад падпіску пра нявыезд і за належныя паводзіны. З СІЗА выпусцілі больш за дзесяць чалавек, затрыманых у «справе «Белгазпрамбанку».

«Змянілі меру стрымання сяброўцы сям’і Святлане Купрэевай і сябру Жардзецкаму, памочніку Дзмітрыю Караку. Мы гэтую інфармацыю пацвярджаем, яна да нас прыйшла ад родных і блізкіх», – каментуе прэс-сакратар каманды Віктара Бабарыкі Глеб Германчук.

Святлана Купрэева – сяброўка сямʼі і каардынатарка ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ў адным з раёнаў Менску. Яна, Дзмітрый Жардзецкі і Дзмітрый Карака праходзілі ў крымінальных справах за нібыта ўхіленне ад сплаты падаткаў. Партал «zerkalo.io» называе імя чацвёртай асобы, якую таксама вызвалілі ўчора: гэта Уладзімір Сажын, былы памочнік Віктара Бабарыкі. Артыкул, паводле якога ён праходзіў, невядомы.

«Безумоўна, мы ведаем што гэтыя людзі, як і Віктар Бабарыка, невінаватыя. Мы на гэтым настойваем, бо мы ўсе бачылі, як праходзіць «справа «Белгазпрамбанку». Аднак мы кожны дзень чакалі, што вызваляць усіх, хто датычны да гэтай справы», – лічыць прэс-сакратар каманды Віктара Бабарыкі Глеб Германчук.

«Наша ніва» прыводзіць імёны яшчэ сямі асобаў, якія выйшлі на волю ў верасні: сярод іх – сябры і калегі Віктара Бабарыкі Уладзімір Дрозд, Андрэй Грыгаровіч ды чальцы кампаніяў «Кентаўр» і «Прыватлізінг» – Вольга Радзецкая, Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка, Антон Марозаў, Дзмітрый Шаўчук, якія фігуравалі ў крымінальнай справе супраць экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку». Усе 11 вызваленых асобаў былі затрыманыя яшчэ летась у чэрвені.

«Яны ўтрымліваліся пад вартай паводле артыкулаў, паводле якіх нельга было ўтрымліваць пад вартаю больш за 18 месяцаў. Фактычна ўжо падыходзіў тэрмін, калі іх усё роўна трэба было выпускаць», – тлумачыць прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі.

Паводле яго, улады затрымалі гэтых асобаў з мэтаю ціску на самога Віктара Бабарыку. Цяпер, калі суд пакараў яго чатырнаццаццю гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, а паплечнікаў Марыю Калеснікаву і Максіма Знака 11-цю і 10-цю гадамі калоніі адпаведна, закладнікі ў «справе «Белгазпрамбанку» ўладзе сталі больш не патрэбныя.

«Але прызнаць, што гэтыя людзі вінаватыя, яны не могуць, адпаведна – у прынцыпе абсалютна лагічная выснова: мы гэтых людзей адпусцім пад падпіску аб нявыездзе, справу закрываць не будзем, яна будзе такая вяла цякучая справа, каб у любы момант можна было чалавека кінуць за краты», – кажа Сяргей Зікрацкі.

Цяпер у няволі застаецца сын Віктара Бабарыкі – Эдуард, яму выставілі абвінавачанне ў нясплаце падаткаў, але крымінальная справа за год і 4 месяцы да суда так і не дайшла.

Ірына Карніенка, «Белсат»