Год жаночых пратэстаў у Беларусі


Як і год таму, дзяўчаты ў белым і чырвоным выходзяць на мірны пратэст. Самая першая жаночая акцыя адбылася год таму, 12 жніўня – ланцуг на Камароўскім рынку ў Менску. Маўклівы пратэст супраць рэпрэсіяў і гвалту сілавікоў. Мужчына, які на знак падтрымання, дорыць дзяўчатам кветкі, – Сцяпан Латыпаў.

Пра гэта ўся краіна даведаецца значна пазней, калі падчас аднаго з судовых працэсаў ён на знак пратэсту ўскрые сабе шыю асадкай. Палітвязню пагражае 8,5 гадоў зняволення.Акцыі жанчын у белым падтрымалі ва ўсёй краіне. З часам ланцугі пераўтварыліся ў маршы. Некаторы час сілавікі не чапалі іх. Першы разгон адбыўся 26-га верасня.

Пад пагрозаю пераследу некаторыя ўдзельніцы пратэстаў пакінулі Беларусь, іншыя апынуліся за кратамі. Каб падтрымаць беларусак у гэтай складанай барацьбе, сёння ў Вільні, у гадавіну жаночых пратэстаў правялі дабрачынную акцыю «Рэвалюцыя з жаночым тварам».

«Жаночыя пратэсты прывялі да масавых акцыяў, мірных акцыяў. Жанчыны паказалі ўсю прыгажосць і тое, калі ўсе пачалі выходзіць з кветкамі, і калі акцыі сталі з’яўляцца па ўсім Менску, і па ўсіх раёнах, гэта надавала надзеі», – кажа арганізатарка акцыі Вераніка Квяткоўская.

«Яна дала вельмі шмат, мне падаецца. Увогуле, у прынцыпе, яна паказала, як можа быць. Што можна паказаць моц праз мяккасць. Гэта вельмі моцна насамрэч, калі проста бачу, як безабаронныя жанчыны стаяць насупраць гэтых моцных… я не магу назваць іх мужчынамі… людзі з аўтаматамі», – кажа ўдзельніца акцыі Таццяна Сняжкова.

У цэнтры акцыі – паказ моды. Кіраваў праектам вядомы беларускі мадэльер Саша Варламаў.

«Гэта творчасць тых людзей, якія захавалі сабе жыццё, і цяпер выказваюць свае эмоцыі гэткім чынам. Паказваюць адзенне таксама тыя, хто ўцёк», – кажа мадэльер Саша Варламаў.

На акцыі таксама можна было пабачыць цішоткі з прынтамі, створанымі дызайнерам Уладзімірам Цэслерам. А таксама тое, як нараджаюцца творы, – на прыкладзе супольнай працы мастачкі Кацярыны і дызайнеркі Аляксандры. Сваю працу яны прысвяцілі Ніне Багінскай, Марыі Калеснікавай і Марыне Золатавай.

Надзея Бельская, «Белсат»