Гадавіна смерці Аляксандра Віхора


25-гадовага Аляксандра Віхора затрымалі ў цэнтры Гомля падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў летась 9-га жніўня. Спачатку яго даставілі ў РАУС, пасля – у ізалятар часовага ўтрымання, а 11-га жніўня суд Чыгуначнага раёну Гомля арыштаваў Аляксандра на 10 содняў.

Свайго пакарання да канца Аляксандр не адбыў… Уначы 12-га жніўня ён памёр у шпіталі. У фільме «Смерць у кайданках» радыё «Свабода» цытуе жахлівыя тлумачэнні сведкаў апошніх дзён жыцця Аляксандра Віхора:

«Віхор Аляксандр ад мяне ляжаў прыкладна на адлегласці тры метры. Я памятаю, што супрацоўнік міліцыі сказаў: «Ты што, не зразумеў?» Нешта накшталт таго. Пасля я пачуў адзін ці два ўдары па чалавечым целе, дакладна не па падлозе, а пасля пачуў стогны Віхора, я ўпэўнены, што гэта былі ягоныя стогны».

Следчы камітэт учыніў праверку, у яе межах такія ж затрыманыя, як і Віхор, распавялі пра збіццё і катаванні людзей супрацоўнікамі міліцыі і АМАПу. Маўляў, Аляксандр прасіў медычнай дапамогі, а ў адказ атрымліваў удары. Урэшце паказанняў сведкаў пра зверствы сілавікоў папярэдняя праверка Следчага камітэту нібыта не заўважыла.

«Калі яго збілі ў гэтым РАУСе, калі яго добра саданулі, што ён згубіў прытомнасць, калі іх выводзілі, ён зайшоў у машыну, а пасля выскачыў – яму было дрэнна. Падбеглі два амапаўцы, скруцілі яго і перавялі ў іншую машыну і збівалі так, як кажа сведка, што дрыжалі сцены ад удараў і былі чуваць толькі Сашавы стогны», – пакутуе маці Аляксандра Святлана Віхор.

Паводле экс-кіраўніка 3-яга ўпраўлення ГУБАЗіК Аляксандра Азарава, такая жорсткасць сілавікоў у дачыненні мірных жыхароў стала дапушчальнай толькі падчас мінулых выбараў. Маўляў, сілавікам загадалі збіваць пратэстоўцаў так, каб на наступны дзень яны чыста фізічна не маглі падняцца і ісці пратэставаць.

«Нават вайскоўцам перад выбарамі ўручаліся памяткі, дзе было напісана, што нават, калі вы ўжывяце зброю, ад чаго пацярпяць або загінуць людзі, то вы не несяце ніякай адказнасці. Гэта іх папярэджвалі загадзя. І яны выконвалі загад, і ніхто іх не пакараў», – тлумачыць Аляксандр Азараў.

У моргу маці Аляксандра пабачыла на сынавым целе шматлікія гематомы, пераламаныя рэбры і грудзіну. Але паводле заключэння ўсё гэта нібыта ніяк не паўплывала на смерць Аляксандра. Афіцыйная прычына смерці – вострае парушэнне сардэчнага рытму. Родныя Аляксандра ў гэтую версію не вераць.

«Гэта зразумелая рэч, што яно спынілася, але з якой прычыны? Не проста ж так у 25-гадовага маладога хлопца спынілася сэрца, пасля трох дзён там, дзе ён быў. Нешта ж гэтаму паспрыяла. Хацелася верыць, што людзі, якія былі побач і датычныя, панеслі б нейкае пакаранне, але атрымліваецца, што вінаватых няма», – сказала па тэлефоне родная сястра Аляксандра Вольга Віхор.

Следчы камітэт адмовіўся заводзіць крымінальную справу паводле факту смерці Аляксандра Віхора. Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак каментуе гэта:

«З таго, што мы бачым, то падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы тут дакладна дастаткова, тут іх вышэй даху, што называецца, але гэтага не робіцца, у гэтай частцы закон не працуе – і пакуль што не спрацаваў яшчэ за год ні разу».

З задушэннем пратэстаў у Беларусі звязваюць агулам не менш як 15 смерцяў. У адзін дзень з Аляксандрам Віхорам загінулі 53-гадовы Аляксандр Будніцкі і 50-гадовы Генадзь Кісель. Ні па адным факце смерці не распачалі крымінальнай справы. Але сваякі і сябры лічаць гэтых людзей ахвярамі сілавікоў.

«Канечне, яны панясуць пакаранне, мы гэтым і займаемся, Байпол створаны, гэта асноўная задача нашая – выяўленне асобаў, якія ажыццяўлялі злачынствы ў дачыненні беларускага народу, расследаваць гэтыя злачынствы і ўсё фіксаваць», – папярэджвае Аляксандр Азараў.

І калі гэта не дапаможа цяпер, то прынамсі дазволіць пакараць вінаватых пасля змены ўлады ў Беларусі.

Ірына Карніенка, «Белсат»