Лукашэнка пагражае вайной – украінцы гатовыя адбіцца


А я вам зараз пакажу, адкуль рыхтаваўся напад. Старая пласцінка Лукашэнкі. І новая гульня ў вайну. Ля мяжы з Украінаю распачаліся двухдзённыя камандна-штабныя вучэнні з удзелам тэрытарыяльных войскаў Жлобінскага раёну. Пра манеўры не было вядома да самага пачатку. Практычна ўсе ўкраінскія медыі ўважліва сочаць за гэтымі вучэннямі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Але амерыканскія адмыслоўцы кажуць, што верагоднасць уваходу беларускіх вайскоўцаў ва Украіну вельмі нізкая. Рыторыка ваенных пагрозаў Лукашэнкі ўсцяж высокая. Самазваны галоўнакамандуючы вызваліў ад пасады намесніка начальніка Генштабу. Пра прычыны – маўчанне.

Расейская авіяцыя працягне карыстацца беларускай паветранай прасторай з дазволу Аляксандра Лукашэнкі – узамен за падтрымку рэжыму з боку Уладзіміра Пуціна. Але непасрэднае ваеннае ўмяшанне ўзброеных сілаў Беларусі ў расейскую агрэсію малаверагодна. Да такой высновы прыйшлі эксперты Інстытуту вывучэння вайны. Амерыканскі аналітычны цэнтр разабраў апошнюю актыўнасць расейскай вайсковай тэхнікі ў Беларусі і перадачу ў карыстанне Расеі аэрадрому Прыбыткі ў Гомельскай вобласці.

Ці пойдзе беларускае войска ваяваць ва Украіну за інтарэсы Пуціна і Лукашэнкі? І што будзе, калі беларускія салдаты і афіцэры трапяць у сапраўдны бой супраць дасведчанага праціўніка з найноўшай зброяй натаўскага ўзору? Гэтыя пытанні хвалююць не толькі жыхароў Чарнігаўшчыны і байцоў ЗСУ, але перадусім саміх беларусаў. Ідэя вайны, ідэя наступу на суседзяў застаецца скрайне непапулярнай у Беларусі.

Як тлумачыць эксперт Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс, і Лукашэнка, і Пуцін разумеюць, што беларускія сілавікі не захочуць ваяваць і паміраць за чужыя інтарэсы. І калі яны атрымаюць загад ісці ў бой пад «Джавеліны» і «Хаймарсы», то дыктатура Лукашэнкі можа хутка рассыпацца.

«Тым не менш Лукашэнка і рэжым Лукашэнкі з‘яўляецца саўдзельнікам вайны ва Украіне, ён дазваляе карыстацца сваёй тэрыторыяй, і ракеты і знішчальнікі паднімаюцца з тэрыторыі Беларусі на Украіну. І наступ на Бучу быў з тэрыторыі Беларусі», – падкрэслівае Віціс Юрконіс.

Як тлумачыць эксперт, украінскім палітыкам трэба адкінуць ілюзію, што Лукашэнка абараняе суверэнітэт Беларусі і здольны трымацца дамоваў.

Наадварот, беларускае войска маральна рыхтуюць ваяваць супраць украінцаў.

А прапагандысты з дзяржаўнага тэлебачання, верныя Аляксандру Лукашэнку, у адкрытую называюць Украіну фашысцкай і нацысцкай дзяржавай, абвінавачваюць украінцаў у ваенных злачынствах супраць украінцаў і кажуць, што Украіна нібыта пагражае Беларусі.

«Украінскія вайскоўцы пачалі масава ўжываць супраць мірных грамадзянаў вызваленых ад нацысцкай нечысці тэрыторыяў супрацьпехотныя міны “Лепесток”. Вярхоўная Рада Украіны мае намер абмеркаваць пытанне аб мініраванні мяжы з Беларуссю. І лягчэй за ўсё гэта можна зрабіць, загадзіўшы прымежныя тэрыторыі мільёнамі мінаў», – заявіў у эфіры «Воен-ТВ» Станіслаў Яскевіч, штатны прапагандыст рэжыму Лукашэнкі.

Сёння Лукашэнка раздаваў генеральскія пагоны сваім афіцэрам – выпускнікам вайскова-навучальных установаў Беларусі і Расейскай Федэрацыі. І загадаў ім рыхтавацца да натаўскага кулака.

«Сучасныя фашысты краін NATO нікуды не дзеліся, яны не памерлі. І яны плануюць нанясенне ўдару цераз Украіну і Беларусь. Відаць, наваяўленыя “крыжаносцы” з Паўночнаатлантычнага альянсу раптам вырашылі, што надыходзіць зручны момант для чарговага кідка на Усход», – такую ўстаноўку даваў сваім генералам Лукашэнка.

Але, калі доўга пагражаць Захаду вайной, Захад пачне рыхтавацца да вайны з табой. Адзін з вядучых амерыканскіх урадавых экспертаў прапанаваў дазволіць Украіне біць па беларускай зямлі.

«‎Украіна мусіць атрымаць дазвол на ўдары па вайсковых аб‘ектах у акупаванай Беларусі, акупаваным Крыме і ў Расеі»‎, – напісаў у Twitter Пол Масара, старэйшы афіцыйны дарадца ўрадавай камісіі ЗША ў бяспецы і супрацы ў Еўропе.

«У гэтым ёсць і манеўр у адказ для Лукашэнкі, бо ён пастаянна кагосьці пужае: суседзяў, Украіну», – нагадвае палітолаг Віціс Юрконіс.

Ва ўкраінскіх вайсковых колах гэтая думка таксама гучыць.

«Я б знішчыў тэхніку на беларускіх аэрадромах, бо яны не беларускія. Гэтыя аэрадромы цалкам аддадзеныя расейцам, персанал там расейскі, ахоўваюць гэтыя аэрадромы расейцы і перыметр 5 кіламетраў вакол аэрадрому ўжо расейскі – ніводнага беларуса, ні вайскоўца, ні цывільнага. Мы будзем знішчаць на тэрыторыі Беларусі непасрэдна расейскія базы, гэта расейская тэрыторыя. Таму задача нумар 1 – знішчаць тэхніку на расейскіх аэрадромах на беларускай зямлі», – заявіў віцэ-камандуючы Сіламі спецаперацыяў Украіны (2016–2019) генерал Сяргей Крыванос у інтэрв’ю ўкраінскаму выданню «Новое время».

Саўдзел Беларусі ў ваенных злачынствах Расеі адбываецца ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў супраць незадаволеных грамадзянаў. Ужо ёсць палітычныя прысуды па некалькі гадоў турмы за антываенныя пратэсты ў Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»