Кінолагі вучаць «каліноўцаў» абараняцца ад дрэсураваных сабакаў


Гэтак байцы Палка імя Кастуся Каліноўскага рыхтуюцца да магчымага сутыкнення падчас баявых дзеянняў… з сабакам. На вайне жывёліны выкарыстоўваюцца абодвума бакамі канфлікту, і для непадрыхтаванага чалавека могуць стацца смяротна небяспечнаю зброяй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ва ўмовах блізкага, кінжальнага бою, гарадскога бою магчымая сустрэча з сабакам, – кажа на трэнінгу баец Палка Каліноўскага з пазыўным Давід. – Безумоўна, гэта вельмі небяспечна для чалавека, асабліва калі гэта замкнёная прастора ці яшчэ нешта. І практычна, калі ты не паспеў падрыхтавацца да стрэлу і не ведаеш, як працаваць, значыць, ты мёртвы».

Трэнуюць «каліноўцаў» абараняцца ад баявых сабакаў кінолагі гільдыі настаўнікаў сабак «Арэс». Галоўная задача – пераадолець страх перад нападам жывёліны. І, вядома, навучыцца нейтралізаваць сабаку, які атакуе.

Паводле старшыні кіналагічнай гільдыі «Арэс» Валера Высоцкага, калі чалавек не ўзброены агнястрэльнай ці халоднай зброяй, сабака аказваецца аснашчаны значна лепш за чалавека, бо гэта драпежнік:

«Але мы працуем над тым, каб навучыць людзей той перавазе, якую мы маем перад сабакам. А гэта нашыя чалавечыя мазгі, якія дазваляюць нам прымяняць усялякія подласці, якія зводзяць хаця б на адсоткаў 70 магчымасці сабакі».

Сабакі дзеюць эфектыўна: могуць паваліць на зямлю экіпаванага мужчыну, пашкодзіць мяккія тканкі і нават забіць. Многія цэляцца спачатку ў твар, а потым угрызаюцца ў аснову чэрапа, а ўкус сківіцамі там можа абарваць жыццё ўмомант. Акрамя гэтага, жывёліны здольныя застрашыць і дэзарыентаваць байца. Але ў падрыхтаванага чалавека шанцы перамагчы ў такім сутыкненні рэзка ўзрастаюць.

«У даным выпадку задача – навучыцца працаваць з сабакам, зразумець, як прыняць сабаку, як прыняць першы ўдар, укус сабакі, як яго прыняць правільна, як не даць сябе заваліць, як не даць сабаку дабрацца да ўразлівага месца цела», – працягвае баец Палка Каліноўскага з пазыўным Давід.

Найбольш небяспечныя падчас баявых дзеянняў дрэсураваныя каўказскія ды азіяцкія аўчаркі і блізкія ім пароды, а таксама нямецкія аўчаркі і пітбультэр’еры.

«Спектр іхнага выкарыстання вельмі шырокі, пачынаючы ад сабакаў, якія займаюцца размініраваннем, якія займаюцца зачысткаю, – гэта штурмавыя сабакі, – расказвае Валер Высоцкі. – Гэта могуць быць сабакі вайсковай аховы, гэта значыць, сабакі, якія ахоўваюць ваенныя лагеры, месцы дыслакацыі войскаў і гэтак далей».

Для атрымання базавых навыкаў супрацьстаяння баявым сабакам, якія ўжо пасля можна даводзіць да аўтаматызму, паводле кінолагаў, дастаткова трох трэнінгаў. А вось сурʼёзнае рыхтаванне заняло б тры месяцы.