«Дэфолту быць адназначна». Якія наступствы чакаюць Беларусь


Тое, што для незалежных замежных аналітыкаў дэфолт, для дзяржаўных эканамістаў у Беларусі – не зусім. Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Fitch» суб’ектыўна ацаніла крэдытаздольнасць Беларусі – такі адказ Міністэрства фінансаў. Агенцтва знізіла доўгатэрміновы рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце – да пераддэфолтнага ці падобнага дэфолту. У Мінфіну свая праўда. І там лічаць, што аналітыкі не ўзялі пад увагу санкцыйную сітуацыю, з-за якой банк адхіляе аплату па дзяржаблігацыях.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Грошы ёсць, але няма магчымасці заплаціць трымальнікам дзяржаблігацыяў Беларусі. Міністэрства фінансаў нагадала, што менавіта праз санкцыі не можа выканаць сваіх абавязкаў па каштоўных паперах. І папракнула рэйтынгавае агенцтва «Fitch».

«Рэйтынгавае агенцтва “Fitch” праігнаравала падрабязныя тлумачэнні ды аргументаваную просьбу Міністэрства фінансаў цалкам і ўсебакова прааналізаваць сітуацыю з ажыццяўленнем плацяжоў па еўрааблігацыях. Існыя абставіны, на нашую думку, сведчаць пра субʼектыўны падыход у ацэнцы крэдытаздольнасці Беларусі з боку рэйтынгавага агенцтва “Fitch”», – цытуем Мінфін.

7-га ліпеня агенцтва знізіла доўгатэрміновы рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце з узроўню ССС да С, які азначае пачатак дэфолту або працэсу, падобнага дэфолту, або бяздзейнасць арганізацыі, якая выпускае аблігацыі. Мінфін тлумачыў, што не бяздзейнічае. Што заплаціў трымальнікам аблігацыяў яшчэ ў лютым, але Лонданскі Citibank у межах прынятых Захадам фінансавых абмежаванняў прыпыніў сваю працу як агент па еўрааблігацыях Беларусі. Эканаміст Аляксей Харкевіч кажа:

«Тое што робіць Мінфін – гэта дзеянні дзеля дзеянняў. Ён уплываць на сітуацыю не можа. Не дзеянні Мінфіна прывялі да таго, што па факце ўтварыўся тэхнічны дэфолт».

Налета міністэрства мае цалкам разлічыцца з інвестарамі па сваіх каштоўных паперах. Шукае як гэта зрабіць у нацыянальнай валюце.

«Яны нічога не змогуць зрабіць у фінансавай плашчыні, пакуль не будзе вырашанае пытанне ў вайсковай плашчыні. Таму гэта ўсё – дарога ў адзін канец, якая дакладна прывядзе да дэфолту. Адназначна», – лічыць Харкевіч.

Калі фармулёўка «тэхнічны дэфолт» прагучыць цвёрда – рэйтынг краіны-займальніка моцна ўпадзе. Сярод магчымых наступстваў ад краінаў, якія давалі нам крэдыты.

«(У крэдытадаўцаў – дапаўн. Рэд) можа быць такая ўмова, што дэфолт па дзяржаўных аблігацыях дае права запатрабаваць рэзкага вяртання гэтага крэдыту. То бок ён спрацоўвае як трыгер, які дазваляе ўсім нашым крэдыторам прыйсці да нас і сказаць “ведаеце, вы ненадзейны пазычальнік, таму вярніце нам усё неадкладна”», – распавяла «Белсату» акадэмічная дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова.

Але што змяняе цяперашняя міжнародная ацэнка плацежаздольнасці Беларусі, зробленая агенцтвам «Fitch»?

«Тут тэхнічны дэфолт нічога не вырашае. Нам як не давалі, гэтак і не будуць даваць у бліжэйшы час ніякіх новых крэдытаў замежных. Прынамсі на рынку фінансавым – такіх крэдытаў, якія зʼяўляюцца рынкавымі», – рэзюмуе Кацярына Барнукова.

У падобнай сітуацыі па еўрабондах і раней за Беларусь аказалася Расея. Прызнаць дэфолт прасіла група інвестараў. У дадатак яны запатрабавалі амаль два мільярды долараў адсоткаў за пратэрмінаваны плацеж. Трымальнікі беларускіх еўрабондаў пакуль чакаюць.

Юлія Цяльпук, «Белсат»