Малдова: перамога праеўрапейскіх сілаў


У выніку пазачарговых выбараў у Малдове ў Парламент прайшлі тры партыі з дваццаці тых, што ўдзельнічалі.

Прыхільнікі прэзідэнта Маі Санду і праеўрапейскага выбару Малдовы святкуюць перамогу. Прэзідэнцкая партыя «Дзеянне і салідарнасць» атрымала 52,8%, а гэта большасць галасоў выбарнікаў.

На другім месцы блок камуністаў і сацыялістаў на чале з былымі прэзідэнтамі Уладзімірам Вароніным і Ігарам Дадонам – у іх 27,17%.

Закрывае выбарчую гонку з 5,74% нацыянал-кансерватыўная партыя «Шор» прадпрымальніка Ілана Шора.

Датэрміновыя выбары ў Парламент былі прызначаныя з прычыны палітычнага крызісу, выкліканага прыкладна роўным размеркаваннем сілаў ва ўладных структурах паміж прыхільнікамі прарасейскага курсу і іх апанентамі на чале з Маяю Санду, якія выступаюць за збліжэнне з Еўрапейскім Звязам.

Куба: людзі патрабуюць свабоды і вакцыны

«Далоў дыктатуру» і «мы не баімся» – шматтысячныя воклічы гучаць ад Гаваны да Сант’яга. Упершыню за амаль 30 гадоў на Кубе адбываюцца масавыя акцыі пратэсту. Грамадзяне выйшлі патрабаваць дэмакратычных свабодаў, паскарэння тэмпаў вакцынацыі ад каронавіруса на фоне значнага росту колькасці інфікаваных, уладкавання сітуацыі са штодзённым адключэннем электрычнасці, эканамічных палёгкаў.

Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль чакана абвінаваціў ЗША і «кубіна-амерыканскую мафію» ў дэстабілізацыі становішча на востраве. Дыяс-Канэль заклікаў камуністаў выходзіць на вуліцы і даваць адпор пратэстоўцам.

Гаіці: хто замовіў забойства прэзідэнта?

Паліцыя Гаіці сцвярджае, што забойства прэзідэнта Жавэнэля Маіза арганізаваў лекар, які жыве ў ЗША. Найміты быццам бы яму тэлефанавалі са справаздачай пасля ўчыненага забойства.

Паводле паліцыі, сярод дваццаці аднаго затрыманага ў справе аб забойстве прэзідэнта тры грамадзяніна ЗША гаіцянскага паходжання і 18 калумбійцаў.

Сцвярджаецца, што ўсяго ў аперацыі былі задзейнічаныя 26 калумбійскіх наймітаў, якія выдавалі сябе за супрацоўнікаў агенцтва барацьбы з наркотыкамі ЗША. Траіх з іх забілі пры спробе затрымаць, яшчэ пяцёра ў вышуку.

53-гадовы Жавэнэль Маіз быў смяротна паранены падчас нападу на ягоную рэзідэнцыю ў ноч на 7-га ліпеня. Уладу пад кантроль пакуль узяла Рада міністраў Гаіці на чале з прэмʼерам Клодам Жазэфам. Чарговыя ўсеагульныя выбары ў Гаіці запланаваныя на 26-га верасня, Жазэф абяцае, што яны адбудуцца своечасова.

belsat.eu