Лісты палітвязням з-за мяжы


Тры сяброўкі, якія жывуць у Бельгіі, пачалі пісаць лісты за краты яшчэ год таму, калі ў Беларусі былі толькі два дзясяткі палітзняволеных. За год гэтая страшная лічба павялічылася да 548 чалавек, а значыць, працы ў жанчын дадалося.

«Мы пішам вельмі шмат лістоў: і па 40 лістоў у месяц, і па 60 цяпер, але зваротных адказаў атрымліваем вельмі мала, але гэта не прыпыняе наш энтузіязм і мы ўсё роўна пішам. Мы ведаем, што нават калі наш ліст або паштоўка не дойдзе да палітвязня, то цэнзар яго абавязкова атрымае», – кажа беларуска Бельгіі Марына Васькова.

Але ўсё ж такі значная частка лістоў даходзіць да саміх адрасатаў. Каб не прапусціць нікога са зняволеных, у першую чаргу беларускі Бельгіі пачалі пісаць імяніннікам. Так, за гэты месяц яны ахопяць усіх, хто нарадзіўся ў ліпені.

«Вось цяпер я пішу невялікі ліст Волі Такарчук, якая ўсяляла ў нас аптымізм і надзею, вельмі не хапае яе ўсмешкі, вельмі не хапае яе словаў падтрымкі ўсім беларусам. Цяпер ёй таксама дрэнна, як і многім нашым палітзняволеным», – распавядае беларуска Бельгіі Алена.

Адказы ад палітвязняў беларускі таксама атрымліваюць. Часцей лісты з СІЗА і турмы даходзяць на беларускія адрасы, але асобныя вестачкі далятаюць і ў замежжа.

«Першага красавіка, не магу паверыць у гэта, вось была такая паштоўка і маленькая такая стужка, я не ведаю, як яе прапусцілі. Тут ён піша: «Вітаю, Таццяна, жадаю вам цярпення, сіл і перамогі. Абраў вам гэтую паштоўку, каб яна нагадвала вам Радзіму. Прыітанне ўсім беларусам Бельгіі. Абдымаю, веру і спадзяюся на перамены і перамогу», – цытуе ліст ад Сяргея Ціханоўскага беларуска Бельгіі Таццяна Марчанка.

Акцыі напісання лістоў палітвязням ладзяць і іншыя дыяспары. Беларусаў Вільні ўпершыню запрасілі падпісаць лісты і паштоўкі палітвязням на Дзень Волі 25-га сакавіка, пасля збіралі дзетак на Радаўніцу, каб намаляваць вязням каляровыя паштоўкі. Цяпер лісты пішуць практычна на ўсіх акцыях салідарнасці беларусаў замежжа.

«Калі нават перадача ў турму лічыцца фінансаваннем пратэставай дзейнасці, і наколькі мне вядома, адрасы тых, хто піша пісьма на Беларусі, ужо ўносяць у нейкія базы дадзеных людзей, схільных да пратэстаў, беларускія дыяспары могуць і павінны ўзяць на сябе гэтую місію», – каментуе валанцёрка грамадскай арганізацыі, якая дапамагае беларусам, Таццяна.

У канцы Беларускага тыдня культуры лісты беларускім палітвязням пісалі і ў Варшаве. У напісанні браў удзел і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка:

«Я падпісваю лісты, але скажу так, што я падпісваю лісты ананімна, бо я перакананы, што лісты за маім подпісам ніколі не трапяць таму, каму ён мусяць трапіць. Таму я напісаў іх так, каб той чалавек, які іх атрымае, зразумеў, ад каго ён быў напісаны».

Хоць за кратамі праз палітычныя матывы сёння сядзяць больш за паўтысячы беларусаў, цяжка і балюча ад гэтага ўсяму грамадству. Таму лісты з-за кратаў – таксама падтрымка для тых, хто застаецца на волі.

«Гэта вельмі кранальна, калі людзі з-за кратаў пішуць, каб мы, мы тут трымаліся. Хаця, здавалася б, ім там значна цяжэй і складаней», – дзеліцца сваімі ўражаннямі віленская валанцёрка Таццяна.

Не саромейцеся напісаць свой уласны ліст палітвязню. Яны будуць вам вельмі ўдзячныя. Актуальныя адрасы і спіс палітвязняў шукайце на старонцы Belsat.eu або 3beltv.eu на ўкладцы ЖЫВЕ!

Ірына Карніенка, «Белсат»