Ігар Казмярчак: Для «палітычных» у камерах створаныя асобыя ўмовы


Падпіску пра неразгалошванне ўзялі, бо справа смешная і выссаная з пальца, лічыць Ігар Казмярчак. Рэдактар аршанскага сайта orsha.eu выйшаў з ізалятару часовага ўтрымання пасля сямідзесяці дзвюх гадзінаў пасля затрымання.

«Калі заводзілі ў камеру, адразу казалі, што для палітычных створаныя асобыя ўмовы па загаду міністра. Скажам матрацы выдаюць толькі на ноч, удзень нельга, цыгарэтаў не даюць паліць, святло на ноч не выключаюць і гэтак далей», распавядае пра ўмовы ўтрымання Ігар Казмярчак.

Праз 72 гадзіны пасля затрымання вызвалілі і віцебскага журналіста-фрылансера Віталя Скрыля і Змітра Лупача з Глыбокага. У канцы мінулага тыдня хваля ператрусаў у рэдакцыях ды арыштаў незалежных журналістаў прайшла ва ўсёй Беларусі. Паводле падлікаў БАЖ, у няволі застаюцца яшчэ 29 працаўнікоў медыяў. Між іншага не адпусцілі праз 72 гадзіны затрымання працаўнікоў «Нашай Нівы».

Не выйшаў на волю пасля 30-ці дзён арышту Аляксандр Івулін, паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі паўторна паводле падазрэння ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак.

Тым часам не спыняюцца суды ва ўсёй краіне. У Берасці вынеслі прысуды чарговай групе абвінавачваных у масавых беспарадках: ад трох гадоў выхаваўчай калоніі для няпоўнагадовых фігурантаў справы – да чатырох з паловаю гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму для Святаслава Герасімука і Валера Мельнічука.

А культуролага і прадстаўніцу Каардынацыйнай рады Аксану Зарэцкую аштрафавалі на 2 900 рублёў за несанкцыянаваны сход, затрымаўшы падчас онлайн-прэм’еры спектаклю.

За парушэнне грамадскага парадку і перашкоду працы грамадскага транспарту судзяць Анастасію Рудакову і Валерыя Вішчэню, якія выхоўваюць траіх дзяцей. Валерый, які з верасня знаходзіцца за кратамі, прызнаны палітвязнем.

«Ягоны брат ідзе супраць яго сведкам, што Валера заклікаў, і я нібыта пад яго ціскам хадзіла на мітынгі. Але насамрэч гэта зусім не так. Мы перайшлі дарогу на Нямізе, калі ішоў марш, і вось нас судзяць нібыта мы ў маршы ўдзельнічалі», – кажа Анастасія Рудакова.

Палітвязня Віктара Бабарыку, якому абвесцілі прысуд 6-галіпеня, этапавалі ў Наваполацкую калонію, пра гэта паведамілі яго адвакатам, што спрабавалі наведаць падабароннага ў следчым ізалятары.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»