Беларусы блакуюць дарогі на мяжы


Сёння межы з Беларуссю часова заблакавалі ўдзельнікі мітынгаў адразу ў трох суседніх дзяржавах: Літве, Польшчы ды Украіне.

Беларусы, якія з’ехалі за мяжу ад палітычнага пераследу, патрабуюць ад сілавікоў – вызваліць палітвязняў і адкрыць наземныя межы для грамадзянаў Беларусі. А ад Еўразвязу яны патрабуюць паскорыць эканамічныя санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, каб хутчэй вярнуцца дадому.

Жывы ланцуг з бел-чырвона-белымі сцягамі ўздоўж дарогі і надпіс на асфальце «Жыве Беларусь!». Ужо тыдзень працягваецца акцыя на літоўска-беларускай мяжы ля памежнага пераходу Мядзінінкай. Улады Літвы пакуль не далі дазволу на блакаванне дарог.

«Што беларусы замежжа, якія выехалі на працягу апошняга года, могуць зрабіць – гэта працягваць звяртаць увагу еўрапейскага грамадства, сусветнага грамадства на тую дзікую сітуацыю, якая склалася ў цэнтры Еўропы, у нашай Беларусі», – кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

«Гэта проста неабходныя захады сабрацца тут, на мяжы, і мы нават гатовыя перакрываць дарогу, каб на нас звярнулі ўвагу. Лукашэнка давёў краіну да таго, што з яе нават выехаць нельга, і мы патрабуем, каб былі адчыненыя межы, каб былі адпушчаныя нашыя родныя і блізкія, нашыя палітзняволеныя», – падкрэслівае ўдзельніца акцыі Марына Гарбус.

Чарга з фураў з польскага боку на пераходзе Кукурыкі – Казловічы расцягнулася амаль на 13 кіламетраў. Кіроўцы кажуць – забіты тэрмінал. А поўдні зʼяўляюцца аўты з бел-чырвона-белымі сцягамі. Каля пятнаццаці чалавек разгортвае сцягі і плакаты, садзіцца на асфальт і блакуе дарогу. Акцыя ўзгодненая з польскімі ўладамі.

«У першую чаргу хочам, каб Еўразвяз і астатнія цывілізаваныя краіны прынялі чарговы пакет санкцыяў, і каб ён аказаўся адчувальным для крывавага дыктатара Лукашэнкі», – падкрэслівае ўдзельнік акцыі Аляксандр.

«Таму, што не можам мы пагадзіцца з сітуацыяй, якая на радзіме, яна як была, так і засталася са жніўня і верасня, кожны хтосьці арыштаваны. Нехта збіты», – дадае другі ўдзельнік Дзяніс.

Акцыя заяўленая да вечара. Праз паўгадзіны ўдзельнікі пікету здымаюць блакаванне і становяцца ў пікет уздоўж дарогі. Гэтым разам удалося затрымаць каля дзясятка цяжкавікоў з Беларусі.

«Гэта акцыя салідарнасці, таму што беларусы замежжа выйшлі на мяжу з Беларуссю і ва Украіне, і ў Польшчы, і ў Літве. І гэта моцны сігнал і беларусам, якія сёння жывуць у канцэнтрацыйным лагеры Беларусі, і еўрапейскім палітыкам пра тое, што беларускі народ змагаецца, ён не здаецца», – лічыць прадстаўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Уладзімір Астапенка.

У Польшчы блакаванне дарогі адбылася і на памежным пераходзе Баброўнікі. А беларусы, якія мусілі зʼехаць ва Украіну, на некаторы час спынілі рух у пункце пропуску Новыя Ярылавічы.

Ігар Станкевіч, «Белсат»