«Я лічу, што я правільна зрабіла, таму што я магу спаць спакойна». Чаму медычныя сёстры з’язджаюць з Беларусі?

Медычнай сястрой Юлія працуе больш за дваццаць гадоў. У 2017-м зрабілася выкладніцаю і пачала рыхтаваць новае пакаленне адмыслоўцаў. Кар’еру ў сферы адукацыі прыйшлося спыніць увосень 2020-га, калі Юлія на паседжанні рэктарата БДМУ адкрыта падтрымала студэнтаў, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту.

«Я яшчэ адвяла вячэрнюю пару сваю, а на наступны дзень мяне папрасілі падысці і напісаць «паводле пагаднення бакоў», каб не падводзіць кафедры, на якой я працую. І мяне звольнілі. Я лічу, што я правільна зрабіла, таму што я магу спаць спакойна» – кажа медычная сястра і былая выкладніца БДМУ Юлія Матусевіч.

Станіславу Сінюковічу навучанне ва ўніверсітэце і працу ў больніцы медбратам увосень мінулага года давялося спалучаць з адбываннем адміністратыўных арыштаў. Агулам за кратамі хлопец правёў 42 дні. У апошні раз яго затрымалі проста пасля працы.

«Адышоў ад лякарні, пайшоў да метро, у пераход пачаў заходзіць – падышлі двое невядомых са спіны, прыціснулі да сценкі, сказалі: «Калі будзеш крычаць, мы зробім табе балюча». Ну і павялі ў аўта. На галаву адзелі маску або мяшок – я не памятаю, я не бачыў – і павезлі ў Партызанскі РУУС» – узгадвае Станіслаў Сінюковіч.

Працягваць вучыцца і працаваць у Беларусі Станіслаў не збіраецца – зʼязджае за мяжу. І такую пастанову выносіў не толькі ён. 2020-ы пабіў гістарычны антырэкорд у звальненнях сярод медычных сясцёр. Толькі за апошні год сышло амаль 10 адсоткаў ад усяго сярэдняга медычнага персаналу. Гэта прыкладна дванаццаць з паловаю тысяч адмыслоўцаў.

«Ну, не гатовыя людзі працаваць тут. Не гатовыя, калі ім затыкаюць рот, калі ім не даюць працаваць, калі любая ініцыятыва, нават на ўзроўні свайго аддзялення, проста глушыцца. Падаюць зарплаты, абяцанні не выконваюцца, нагрузкі становіцца больш» – кажа медычная сястра Юлія Матусевіч.

Хвалюе медсясцёр таксама іхная бяспека. Падчас пандэміі каронавіруса здараліся выпадкі смерці сярод медперсаналу. Нягледзячы на гэта, кажуць, пытанне з маскамі і іншымі сродкамі абароны развязалі сёння далёка не ва ўсіх медычных установах.

«Шмат хто з медычных сясцёр, сярэдні медперсанал, самастойна вымушаныя купляць за свае грошы пальчаткі, маскі. Усё роўна гэта працягваецца. Гэта не ўсюды. Але ў рэгіёнах гэта больш прыкметна» – сцвярджае Юлія Матусевіч.

Але, бадай, самае складанае, з чым прыходзіцца сутыкацца медсёстрам, – гэта непавага да сваёй працы з боку грамадства. Таму ў гэты дзень пра тое, якая важная іхная праца, ім нагадваюць дактары Беларусі.

«Мы, як ніхто іншы, бачым, наколькі важная і незаменная ваша праца. Бо гэта менавіта вы пачынаеце працэдуру, завяршаеце яе і ўважліва сочыце за пацыентам на ўсім яе працягу. Таму мы, дактары Беларусі, звяртаемся да вас, каб нагадаць, што медычная сястра – гэта не дапаможны персанал, як часам лічаць. Без вас нашая дзейнасць была б проста немагчымая» – кажуць ім сёння дактары Беларусі.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама