Цэнтр гарадскога жыцця ў Горадні ліквідуюць


«Ажыццяўляе забароненую дзейнасць» – у Горадні суд пастанавіў закрыць Цэнтр гарадскога жыцця. Гэта прастора, якая гуртавала творчых, актыўных, ініцыятыўных людзей. Летась тут збіраліся і працавалі валанцёры «ByCovid», якія дапамагалі гарадзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каронавірусу. Пасля выбараў-2020 тут выступалі звольненыя акторы гарадзенскіх тэатраў.

З ініцыятываю зліквідаваць папулярны ў Горадні культурна-асветніцкі цэнтр выступіў пракурор Уладзімір Клішын. У адной з працаў мастака Алеся Пушкіна, якая экспанавалася ў Цэнтры, ён пабачыў прыкметы экстрэмізму. Дырэктара ўстановы Паўла Мажэйку за гэта затрымалі на 72 гадзіны. Алесь Пушкін пад вартаю паўтара месяца, супраць яго завялі крымінальную справу. Суддзя Абласнога эканамічнага суда Горадні Аліна Баклажэц пастанавіла: Цэнтр гарадскога жыцця зліквідаваць да 12-га жніўня.

«Дзве мэты пераследуе ўлада з гэтым працэсам. Па-першае, гэта ліквідацыя і спыненне дзейнасці свабоднай творчай культурніцкай прасторы, непадкантрольнай у Горадні. А таксама прычына вось такіх судзілішчаў – гэта, я перакананы, бел-чырвона-белы фон на карціне Алеся Пушкіна», – кажа дырэктар Цэнтру гарадскога жыцця Павел Мажэйка.

У падтрымку Цэнтру пад адкрытым зваротам падпісаліся больш за 1200 чалавек. За 5 гадоў працы гэтая прастора стала культавым месцам для ініцыятыўных гарадзенцаў.

«Фактычна ўсё ўжо закрыта і манапалізавана дзяржавай. Туды няма ўваходу людзям з па-за сістэмы. Гэта апошняе месца, якое заставалася, і каля яно знікне – гэта будзе вялікая страта для гораду», – упэўнены галоўны рэдактар HRODNA.LIFE Аляксей Шота.

«Тут дапамагаюць усім актыўным людзям – бескарысна і без цэнзуры. Абсалютна ўнікальнае месца, якое сапраўды з‘яўляецца цэнтрам гарадскога жыцця – не фармальным, а праўдзівым цэнтрам гарадскога жыцця, які дапамагаў усім. У тым ліку мастакам, якія больш нідзе не маглі выставіцца», – падкрэсліла мастачка Ірына Варкулевіч.

У Цэнтры гарадскога жыцця ладзілася шмат асветніцкіх і адукацыйных імпрэзаў: круглыя сталы, дыскусіі, лекцыі. Вялікая ўвага надавалася беларускай гісторыі ды яе папулярызацыі.

«Для многіх Цэнтр быў месцам прэзентацыі, напрыклад, сваіх навуковых манаграфій, месцам сустрэчы з гісторыкамі і размоў пра сур’ёзныя рэчы. Канечне, грамадская арганізацыя не можа быць цэнтрам акадэмічнага жыцця, але ў нашых умовах можна казаць, што ў пэўныя моманты Цэнтр гарадскога жыцця сапраўды быў цэнтрам акадэмічнай навукі ў Горадні», – успамінае доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Смалянчук.

У Цэнтры гарадскога жыцця адбылося больш за 250 культурніцкіх і асветніцкіх імпрэзаў, каля 70-ці выставаў, прайшло больш за сотню прэзентацыяў, а таксама творчых сустрэчаў, майстар-класаў, кінафестываляў, навуковых канферэнцыяў, канцэртаў, сустрэчаў з літаратарамі.

Каця Малей, «Белсат»