Працэс супраць Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» у закрытым рэжыме


Адзінаццаць месяцаў маці, сёстры, жонка і сын не бачылі Паўла Севярынца. І сёння ўлады не далі блізкім такой магчымасці. Не дапамаглі аргументы маці Паўла, Таццяны Севярынец:

«Я сказала, што я і настаўніца, і сказала, што выхавала цудоўных людзей, які гонар і чэсць Беларусі».

Сястра Паўла – таксама настаўніца, і даследніца беларускай літаратуры, якая вывучае лёсы рэпрэсаваных беларускіх пісьменнікаў:

«Нават калі выносілі такія прысуды страшныя ў сталінскія часы, у сваякоў была магчымасць пабачыцца, абняцца, словам перамовіцца».

Працэс супраць Паўла Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» ўлады зрабілі ў закрытым рэжыме.

«Дзеля чаго хаваць усё гэта ад грамадскасці? Навошта людзей прывозіць з Менску ў Магілёў, каб такім чынам правесці паседжанне суда? Калі яны і зрабілі нешта супрацьзаконнае, то трэба, каб суд быў адкрытым», – кажа праваабаронца Уладзімір Шанцаў.

Людзей не пусцілі не толькі ў будынак суда, а нават не дазволілі стаць на вуліцы побач з ім.

«Пакіньце, калі ласка, гэтае месца, інакш вашыя дзеянні будуць лічыцца несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам».

«Гэта грамадскае месца, мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь».

«Сабралася занадта шмат міліцыі, усё кіраўніцтва Ленінскага райаддзелу, намеснік начальніка ўпраўлення Рыжанкоў, АМАПу шмат навезлі. Вот такія шафы. Дзеля чаго гэта? Каб разагнаць мірных людзей?», – задаецца пытаннем Уладзімір Шанцаў.

Калі людзі пачалі разыходзіцца, сілавікі затрымалі двух журналістаў і сябру Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

«Вельмі жорстка ўсіх выціснулі ад суда, з кварталу, а пасля пайшлі, прабачце, пад кустамі пазатрымлівалі, павыдзёргвалі асобных людзей, якія ўвогуле нічога не рабілі», – распавядае Вольга, жонка Паўла Севярынца.

Было б каго затрымліваць – артыкул знойдзецца. Па такім жа прынцыпе затрымалі і апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» – Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча, блогера Змітра Казлова і адміністратарку тэлеграм-каналаў Ірыну Шчасную. У іх розныя сферы дзейнасці, іх затрымалі ў розны час, але судзяць – разам. Што аб’ядноўвае гэтых людзей, у чым іх абвінавачваюць?

У Магілёўскім абласным судзе закрытасць працэсу патлумачылі тым, што матэрыялы справы нібыта адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон. Адвакаты палітзняволеных, звязаныя падпіскаю пра неразгалошванне, не могуць патлумачыць сутнасці абвінавачання. Прадстаўнік жа Следчага камітэту ў інтэрв’ю дзяржаўнаму выданню закінуў зняволеным рыхтаванне «Беламайдану», бо яны публічна заклікалі да пратэстаў і крытыкавалі ўладу.

Вольга Старасціна, «Белсат»