Куды падзеліся грошы Міхаіла Гуцэрыева? Расследаванне «Белсату»


«Міша – менавіта так ласкава Аляксандр Лукашэнка называе буйнога расейскага бізнесоўца ды алігарха Міхаіла Гуцэрыева, з якім знаёмы яшчэ з пачатку двухтысячных», – цытуе Лукашэнку аўтарка расследавання Вольга Ратмірава.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ільвіную долю Мішавых актываў знайшлі тут – на Брытанскіх Віргінскіх астравах. Так званы падатковы рай і прытулак для ўсіх, хто хоча пакінуць свае даходы ў таямніцы ад грамадства. Улады астравоў не публікуюць звестак уладальнікаў фірмаў, тут зарэгістраваных. Але нашыя калегі з Беларускага расследавальніцкага цэнтру разам з журналістамі «The Guardian», расследавальнікамі з OCCRP і «Transparency International» усё ж знайшлі тут маёмасць расейскага мільярдэра.

«Да нас звярнуўся чалавек, які сказаў, што ён працаваў на Міхаіла Гуцэрыева, і даў нам спіс маёмасці, якая яму належыць: офісныя і жылыя будынкі, самалёты. І мы вырашылі праверыць гэтую інфармацыю па брытанскіх рэгістрах нерухомасці», – кажа адзін з аўтараў расследавання Аляксандр Ярашэвіч.

Акрамя таго, што было ў спісе, нашыя калегі знайшлі яшчэ некалькі аб’ектаў нерухомасці Гуцэрыева ў Лондане. Агульны іх кошт – прыблізна дзвесце мільёнаў долараў. Гэта сем жылых і офісных памяшканняў, якія так ці інакш кантралююцца сямʼёй мільярдэра.

На паперы ўся нерухомасць належыць афшорным кампаніям, сляды якіх вядуць да сына Міхаіла – Саіда Гуцэрыева, які ўсё яшчэ не пад санкцыямі. Але і тут не ўсё так проста.

«Мы проста пачалі глядзець храналогію, калі гэтыя будынкі набываліся. І высветлілася, што асноўная частка гэтай маёмасці была набытаю ў той час, калі Саід Гуцэрыеў яшчэ вучыўся ці толькі пачынаў бізнес-карʼеру. Яшчэ не далучыўся да імперыі бацькі. Альбо маёмасць належыць непасрэдна яму, альбо маёмасць належыць трасту, створанаму Міхаілам Гуцэрыевым для свайго сына», – кажа Аляксандр Ярашэвіч.

Зрэшты, маёмасці ў Міхаіла Гуцэрыва ў Еўропе назапасілася столькі, што перапісаць усё на сына проста немагчыма. Частку сваіх багаццяў мільярдэр фармальна перадаў іншым сямейнікам. Зрэшты, хавацца ад санкцыяў Гуцэрыевым засталося нядоўга. Усю інфармацыю пра ягоную маёмасць, якую ўсё яшчэ не арыштавалі брытанскія ўлады, нашыя калегі ўжо накіравалі ў Міністэрства фінансаў Вялікай Брытаніі. Поўную версію расследавання вы можаце пабачыць ужо цяпер на нашым «Ю-Т’юб»-канале.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»