Турызм перажывае крызіс

Радыё і грамафоны, першыя электраімбрыкі і кухонныя камбайны… Агулам у гарадзенскім Цікавым музеі больш за тысячу экспанатаў – прадметаў побыту з розных краінаў канца 19-га – пачатку 20-га стагоддзя. Прадпрымальнік Алег Ёрш збіраў сваю калекцыю больш за 20 гадоў.

«Ідэя ў тым, каб выпліснуць свае эмоцыі, паказаць людзям, што былі такія прадметы побыту. Не сядзець з імі недзе ў падвале і самому любавацца, а арганізоўваць экскурсіі – бачыць эмоцыі людзей», – распавядае Алег Ёрш аб сваім музеі.

Паводле ўладальніка, больш за палову наведнікаў музею складалі замежнікі. Пэўны час прыбытак ад турыстаў дазваляў пакрываць выдаткі на музей, аднак з пачаткам пандэміі турысты зніклі, а мясцовыя ўлады праз год пастанавілі яшчэ і падняць арэнду. Музей давялося закрыць.

«Эканамічная, палітычная, пандэмічная сітуацыя – паклалі ўсё. Ну і стаўленне ўладаў. Калі вам у 6 разоў падымаюць арэндную плату, то, я думаю, любы сыдзе з гэтага памяшкання», – кажа Алег.

Цяпер у Горадні застаецца толькі адзін прыватны музей – Музей гісторыі гарадскога побыту Януша Паруліса, які існуе больш за 10 гадоў. Але і яму ўлады падвышаюць арэндную плату. Гаспадар жа пакуль не здаецца і пакрывае ўсе выдаткі з уласнае кішэні, каб захаваць справу свайго жыцця.

Пандэмія каронавіруснай хваробы моцна ўдарыла па турыстычнай сферы нашае краіны. Адзіным паратункам можа стацца развіццё ўнутранага турызму, распавядае дырэктарка турыстычнай фірмы

«Дон Кіхот» Святлана Якімава:

«Цяпер беларусы вандруюць па Беларусі. У большай ступені гэта такія індывідуальныя турысты, якія прыязджаюць да нас, і мы робім ім прыём. Ёсць карпаратыўныя замовы, але не вельмі іх шмат, было значна болей, таму што вялікімі аўтобусамі падчас пандэміі людзі не вельмі хочуць ездзіць».

З кастрычніка 2016 года замежныя турысты могуць наведваць Горадню без візаў. Да пачатку 2020 года гэтаю магчымасцю скарысталіся каля чвэрці мільёна чалавек. А за мінулы год усяго каля 15 тысячаў.

Алесь Баразенка, «Белсат»

 

Глядзі таксама