Ці можа Беларусь лічыцца сябрам «касмічнага клубу»?


Падзея сусветнага маштабу адбылася роўна 60 гадоў таму. Чалавек упершыню паляцеў у космас. Першым касманаўтам стаў савецкі лётчык Юрый Гагарын, паводле пашпарту савецкі, а паводле адчування, як ён сам казаў, амаль беларус. З таго часу ў космасе пабывала больш за паўтысячы чалавек з амаль 40 краінаў свету. А якія крокі ў космасе зрабіла Беларусь? Ці можа яна лічыцца сябрам «касмічнага клубу»?

12 красавіка 1961 года здзейснілася мара чалавецтва – упершыню чалавек убачыў Зямлю з космасу. Гэта быў савецкі лётчык-выпрабавальнік Юрый Гагарын. У прыватных размовах ён часам называў сябе «амаль беларусам», бо нарадзіўся на Смаленшчыне.

Адзін віток вакол зямлі за 108 хвілінаў і ўдалае прызямленне. Навіна імгненна абляцела ўвесь свет.

У 69-м годзе новы крок – амерыканскія астранаўты высадзіліся на Месяц. Аднак менавіта 12-га красавіка лічыцца Міжнародным днём палёту чалавека ў космас. З тае пары чалавецтва здзейсніла шэраг прарываў у засваенні космасу. З 98-га 14 краінаў вядуць шматлікія даследаванні на Міжнароднай касмічнай станцыі. З 2002-га кампанія «SpaceX» – вытворца касмічнай тэхнікі, заснаваная Іланам Маскам, – стварае шматразовыя ракеты, якія могуць вяртацца на Зямлю. Для вывучэння і будучай каланізацыі Марсу касмічнае агенцтва НАСА цяпер тэстуе адмысловы верталёт.

«Вядома ж, каманда вельмі парадавалася за «Пэрсэвіранс», мякка пасадзіўшы нас на паверхню. Мы шукалі месца, якое, на шчасце, было за 20–30 метраў ад месца пасадкі імя Актэвіі Батлер. Прызямліўшыся, мы працавалі над тым, каб праверыць верталёт, выканаць некаторыя практыкаванні, пераканацца, што ўсе рухавікі, лопасці і камп’ютары працуюць», – кажа кіраўнік аддзела вынаходак НАСА Цім Кэнхэм.

У ліпені 2006 года з касмадрому Байканур на расейскай ракеце-носьбіце «Днепр» стартаваў першы Беларускі касмічны апарат – БелКА. Аднак на 86-й секундзе штосьці пайшло ня так. Тады Беларускі касмічны апарат загінуў разам з ракетай. Наступная спроба ў 12-м годзе аказалася больш удалаю. За гэта Беларусь стала сябрам Камітэту ААН у справе выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах. На сённяшні дзень на калязямной арбіце ўжо тры беларускія спадарожнікі.

Ігар Станкевіч, «Белсат»