Ратаваў жыццё і заехаў у натоўп сілавікоў, цяпер на лаве падсудных


25-гадовага інжынера Ціхана Восіпава вінавацяць у наездзе аўтам на сілавікоў. Справу разглядае Менскі гарадскі суд. Паводле следства, Восіпаў уехаў у натоўп на вуліцы Прытыцкага і тым самым прычыніў шкоду 5 вайскоўцам. Пасля чаго сам патапіў аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю пра выкраданне.

«Сын проста ехаў дадому, ніхто не збіраўся нікога давіць. Гэта ўсё так атрымалася, бо ён ратаваў сваё жыццё», – тлумачыць сітуацыю бацька Ціхана Сяргей Восіпаў.

«Вінаватыя тыя людзі – вайскоўцы ці хто яны, якія пачалі людзей выцягваць з машынаў, збіваць іх. Ён, калі да яго ў машыну пачалі ламацца, прыняў рашэнне з‘язджаць, бо іншага выбару не было», – лічыць маці Ціхана Святлана Восіпава.

Ціхана Восіпава абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: замах на забойства ваенных, удзел у масавых беспарадках і непраўдзівы данос. За гэта Ціхану пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі.

«Віны мы не прызнаём паводле тых артыкулаў, якія яму прыпісваюць, адзінае, што ў яго ёсць, – гэта непраўдзівы данос. Ён ад яго не адмаўляецца, за сваё гатовы адказваць, а тое, чаго не рабіў, – за гэта несправядліва судзіць», – распавядае пазіцыю Ціхана ягоная жонка Вольга Восіпава.

У Бабруйску судзяць чацвярых мужчынаў, якіх вінавацяць у падпале «Табакеркі». Аляксандр Назаровіч, Аляксандр Мар’ясаў і Віталь Васілевіч з 10 кастрычніка ўтрымліваюцца ў СІЗА Бабруйску, ім інкрымінуюць яшчэ блакаванне руху чыгункі, пашкоджанне аўтамабіля міліцыянта, псаванне прыпынкаў. Чацвёрты абвінавачаны – Аляксандр Г. – мае меншую колькасць артыкулаў і чакае рашэння суда на волі.

У Гомлі распачаўся суд над даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай. Юрыя Уласава, Дзмітрыя Івашкова, Аляксандра Шабаліна і Таццяну Канеўскую вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і планаванні захопу адміністрацыйных будынкаў.

«Яны ў палоне, самым звычайным палоне, давераныя асобы Святланы Ціханоўскай, на Святлану Ціханоўскую завялі крымінальную справу, хацелі яе з Літвы выцягнуць, гэта проста палон», – катэгарычна выказваецца сын Таццяны Канеўскай Аляксандр.

Падтрымаць абвінавачаных прыйшло каля 4 дзясяткаў чалавек, але ў залу трапілі лічаныя людзі, маўляў з прычыны каронавіруснай хваробы. Сваякоў палітвязняў прымусілі здаць мабільныя тэлефоны ў камеру захоўвання. Журналістам забаранілі весці здымкі нават у калідоры.

«Яны адкрыта выказвалі свае пазіцыі, і таксама гэты працэс павінен быць адкрытым, каб было правасуддзе, яно павінна вяршыцца публічна», – мяркуе праваабаронца БХК Віктор Адзіночанка.

Суд Іванаўскага раёну пачаў разгляд крымінальнай справы за нібыта паклёп на міліцыянта. Алене Пуцыковіч ставяць у віну рэпост сайту «Чырвоная кніга Берасцейшчыны» ў чат «Іванава для жыцця». Абвінавачаная віны не прызнала. Пракурор запатрабаваў для жанчыны два з паловаю гады «хіміі», а таксама кампенсаваць маральныя пакуты міліцыянтаў на 3000 рублёў.

«Агульная палітычная сітуацыя ў краіне не дазваляе мне нейкія светлыя перспектывы бачыць. Я ведаю, што рашэнне ўжо прынятае і ўсё гэта інсцэніроўка. Суд палітызаваны, як і ўсе іншыя суды ў нас у краіне», – выказалася абвінавачаная Алена Пуцыковіч.

Кіраўніцу грамадскага аб’яднання «Звяно» Таццяну Гацуру-Яворскую праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенай. Агульны лік палітвязняў у Беларусі на сёння складае 354 асобы.

Ірына Карніенка, «Белсат»