«Вінаватымі становяцца самыя пацярпелыя, якім даюць па 10 год». Хронікі судоў 12 сакавіка


Сёння ў Горадні працягнуўся суд над рок-музыкам Ігарам Банцэрам, які ўжо 10-ты дзень трымае сухую галадоўку на знак пратэсту з несправядлівым абвінавачаннем. Суддзя Наталля Козел адмовіла ў змене меры стрымання для Ігарады прызначыла чарговае паседжанне. Ігар Банцэр заявіў, што працягне галадаваць, а сілаў у яго засталося да панядзелка.

Разгляд справы гарадзенскага музыкі Ігара Банцэра зноў перанеслі. У суд ужо трэці раз не з’явіўся сведка-міліцыянт. Новая дата – 18 сакавіка. Да яе Банцэр, які ўжо дзясяты дзень трымае сухую галадоўку, проста можа не дажыць.

«Усе сябры, канечне, хвалююцца. Сёння, калі ягоная маці выйшла з суда, у яе пачалася істэрыка. Усе баімся. Але будзем глядзець. Калі ён сам сказаў, што дажыве да панядзелка, а там не ведае, то будзем чакаць і спадзявацца, што нешта зменіцца», – кажа сябар Ігара Банцэра Уладзіслаў Бернат.

У судзе Заводскага раёну Менску пачаўся разгляд справы Андрэя Асаулы, якога вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі, а таксама іншых службовых асобаў. Паводле версіі следства, Асаула патэлефанаваў у міліцыю і негатыўна выказаўся на адрас праваахоўнікаў. Аператар службы 102 Дзёміна палічыла сябе абражанай і падала ў суд. У першы дзень на слуханні пацярпелая не з’явілася.

«Пяць хвілін, былі толькі агалошаныя дадзеныя падсуднага. Сведкі і пацярпелая не зʼявіліся па невядомых прычынах, таму з патрабавання пракурора, хоць абвінавачаны і адвакат былі не супраць працягнуць, суд быў перанесены», – распавядае валанцёрка Святлана, якая назірала за працэсам.

У Віцебску ў судзе Першамайскага раёну адбыўся разгляд скаргі не дзеянні намесніка начальніка Першамайскага РАУСу Івана Доўгага. 13 студзеня ў лесе пад Віцебскам затрымалі шэсць жанчын, якія займаліся скандынаўскаю хадою, і больш за содні пратрымалі ў міліцыі. А на наступны дзень суд не ўгледзеў у іхных дзеяннях ніякага правапарушэння.

Суддзя Жанна Васільева скаргі не задаволіла.

«Яны забіваюць людзей, і іх не судзяць за гэта. Яны калечаць людзей, і іх не судзяць за гэта, а становяцца вінаватымі самыя пацярпелыя, якім даюць па 10 год. Дык чаго маглі чакаць мы? Вядома ж, я не чакала таго, што нешта яму прысудзяць. Але спадзявалася, што ён хаця б папросіць прабачэння», – кажа адная з затрыманых у той дзень жанчын Тамара Ільіна.

У Менску ў судзе Фрунзенскага раёну распачаўся працэс над 34-гадовым гомельцам Дзянісам Чыкалёвым, якога вінаваць ва ўдзеле ў масавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Чыкалёва забралі ўдзень 10 жніўня і ўжо 7 месяцаў трымаюць за кратамі. На суд над Дзянісам сёння сабрАліся некалькі дзясяткаў чалавек, аднак трапіць на суд змаглі адзінкі.

«Яму ад нашае прысутнасці, ад нашае падтрымкі таксама лягчэй. Гэта той мінімум, які мы можам для яго зрабіць», – мяркуе Вольга, сяброўка Дзяніса.

«Тут сабраліся ягоныя шматлікія сябры па «вяроўках» (роўпджампінгу), фаершчыкі, музыкі. Ён быў валанцёрам», – кажа шчэ адзін ягоны сябар Раман.

Праваабаронцы прызналі Дзяніса Чыкалёва палітвязнем. Усяго ж на сённяшні дзень ў Беларусі 285 палітычных зняволеных, і гэтая лічба імкліва павялічваецца.

Алесь Баразенка, Белсат