У чаканні палітвязня: «Гэты тэатр абсурду скончыцца»


Жыццё ў сям’і Самусенкаў падзялілася на «да» і «пасля»: спадарыня Людміла ўласнаручна ткала і вышывала сваім сынам адзенне. З лістапада – жыве ліставаннямі з турмы.

«Калі сыны апынуліся за кратамі, то гэта шок – проста шок. Тваю сям’ю парвалі на кавалкі і раскідалі. І мы сядзім утрох: я, Андрэй і Тагір – і не ведаем, што рабіць. Бо дзеці – недзе там, нявесткі – недзе там, унукі – недзе там – усё, свет скончыўся», – узгадвае падзеі восені маці Алякесея і Кіма Людміла Самусенка.

Братоў Кіма і Аляксея Самусенкаў затрымалі з розніцаю адзін дзень – напачатку лістапада. Абодвум выставілі стандартнае абвінавачанне пра «арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Але ў гэта не вераць ні іхныя родныя, ні сябры: браты ў сапраўднасці – добрыя арганізатары рыцарскіх фестываляў.

«Часта ездзім на прыроду, на фестывалі, у клубе разам даўно займаемся – цікава. Гэта шалом, з забралам, – не зусім «баявы», пазнак на ім мала», – кажа Сяргей, сябра братоў-Самусенкаў.

«Людзі, якія бягуць увечары дадому, каб укладваць дзяцей спаць, пакупаць і пачытаць кніжку, – хіба яны могуць зрабіць штосьці дрэннае», – кажа Марыя, школьная сяброўка братоў Самусенкаў.

А яшчэ браты Самусенкі – зацятыя аматары палявання, да якога сыноў прывучыў тата. Цяпер паляўнічую зброю забралі і ў сыноў, і ў бацькі разам з усёю камп’ютарнаю тэхнікаю. На якой падставе – невядома.

«Мая бяда ў тым, што ў нашай дзяржаве я не магу абараніць ні дому, ні сваіх родных – нічога. Гэта вельмі дэпрэсуе…. Але мы будзем жыць і далей. Гэты тэатр абсурду скончыцца», – перакананы тата Аляксея і Кіма Андрэй Самусенка.

Людміла і Андрэй Самусенкі таксама вельмі дзякуюць за падтрыманне ўсім знаёмым і незнаёмым людзям, кажучы: «Без нашых беларусаў мы б не справіліся».

Галіна Абакунчык, «Белсат»